2015-06-07 10:17:00

Святы Айцец да моладзі: будуйце масты, а не муры


На заканчэнне свайго аднадзённага візіту ў Сараева, вечарам 6 чэрвеня 2015 г.,  папа Францішак сустрэўся з баснійскай моладзю. Спатканне праходзіла ў дыяцэзіяльным моладзевым цэнтры імя Яна Паўла ІІ – структуры, якая рэалізуе шматлікія праекты ў галіне міжэтнічнага і міжрэлігійнага дыялогу. У рамках сустрэчы Святы Айцец адказаў на некаторыя пытанні, якія скіравалі яму мясцовыя юнакі і дзяўчаты. 

Адно з іх тычылася якасці сучасных тэлевізійных праграм. Пантыфік нагадаў пра адказнасць тэлевізійных цэнтраў за пашырэнне дабра і будаванне грамадства на высокіх каштоўнасцях. З іншага боку, ён звярнуў увагу і на адказнасць тэлегледачоў, пакліканых выбіраць для прагляду тое, што карысна. “Калі бачу, што праграма не чыніць мне добра, разбурае мае каштоўнасці, робіць мяне вульгарным (...) – павінен пераключыць канал”, - сказаў Папа. Тое самае тычыцца і камп’ютэра: “Калі ты, хлопец, жывеш у прывязанасці да камп’ютэра і становішся яго слугой, губляеш свабоду. А калі ў камп’ютэре шукаеш брудныя праграмы, губляеш годнасць!”, - падкрэсліў Святы Айцец. 

Размаўляючы з іншымі юнакамі і дзяўчатамі, Францішак чарговы раз нагадаў пра важнасць будавання мастоў, а не муроў у краіне, якая яшчэ нядаўна была падзелена крывавым грамадзянскім канфліктам. “Вы кветкі пасляваеннай вясны – працуйце ўсе разам дзеля міру”, - сказаў ён сабраным. 

Гэта праца, аднак, павінна быць канкрэтнай і сумленнай. “Усе кажуць аб міры: некаторыя моцныя гэтага свету кажуць цудоўныя рэчы пра мір, а самі прадаюць зброю! Ад вас я чакаю сумленнасці: сумленнасці ў тым, што думаеце, што адчуваеце і што робіце. Інакш гэта будзе крывадушнасць”, - заўважыў Святы Айцец. 

Сустрэча з баснійскай каталіцкай моладзю, стала заключным пунктам візіту папы Францішка ў Сараева. Па яе заканчэнні ён накіраваўся ў аэрапорт, адкуль выляцеў у Рым. Пантыфік прыбыў у Ватыкан каля 22.00 па рымскім часе.








All the contents on this site are copyrighted ©.