2015-06-05 13:42:00

Пантыфік: грошы карысныя , але могуць стаць канцом місіі


Чалавецтва мае патрэбу ў Евангеллі – крыніцы радасці, надзеі і міру, нагадаў Святы Айцец, прымаючы 5 мая 2015 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў Генеральнай асамблеі Папскіх місійных ініцыятыў – структуры, якая каардынуе місійную дзейнасць Касцёла. Абвяшчэнне Евангелля – гэта яго першы і пастаянны клопат, фундаментальны абавязак і галоўны выклік, падкрэсліў Папа. Ён дадаў, што евангелізацыя спрыяе абнаўленню Касцёла – яго структур і душпастырскай дзейнасці.

Члены Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў і кіраўнікі нацыянальных аддзяленняў Папскіх місійных ініцыятыў маюць адказнае і прывілеяванае заданне, заўважыў Францішак: яны з павагай і любоўю суправаджаюць жыццё маладых каталіцкіх супольнасцяў раскіданых па свеце і ведаюць пра цуды, якія Святы Дух здзяйсняе, праз пасярэдніцтва гэтых, часта бедных рэсурсамі, супольнасцяў, нягледзячы на цяжкасці і пераслед. Францішак заклікаў быць уважлівымі да гэтых чалавечых перыферый Касцёла і выходзіць ім насустрач.

Папскія місійныя ініцыятывы пакліканы быць прыладай еднасці паміж каталіцкімі супольнасцямі, спрыяючы дзяленню кадравымі і эканамічнымі рэсурсамі. Дзейнасць асацыяцыі павінна суправаджацца малітвай, евангельскай адвагай і сведчаннем пра благаслаўленні. У гэтым кантэксце Папа нагадаў пра небяспеку пераўтварэння ў “аддзел па распаўсюджванні чарговых і пазачарговых субсідый”, у структуру накшталт “няўрадавай арганізацыі”. “Грошы дапамагаюць, але могуць таксама стаць і канцом місіі. Функцыяналізм, калі займае цэнтральнае ці значнае месца, нібыта з’яўляецца самым важным, прывядзе да падзення. Бо першы спосаб, каб памерці, заключаецца ў забыцці пра “крыніцу”, якая рухае місіі”, - сказаў Папа. Ён заклікаў не выключаць Хрыста са шматлікіх місійных планаў і праграм, таму што місіі – гэта Яго справа.








All the contents on this site are copyrighted ©.