2015-06-04 13:54:00

Кім быў насамрэч Аляксандр VI Борджыа? Маладыя гады.


Гаворачы пра Радрыга Борджыа, будучага папу Аляксандра VI, часта кажуць, што ён дабіўся высокага стану дзякуючы апякунству з боку свайго дзядзькі – іспанскага кардынала Альфонса дэ Борджыа, які ў наступстве стаў папам Калікстам ІІІ. Маўляў, сям’я Борджыа – гэта вынаходнікі непатызма, сапраўдны спрут, шчупальцы якога праніклі ва ўсе ключавыя ўстановы Касцёла той эпохі. Уплыў сям’і Борджыа, канешне, быў вялікі, улічваючы, што яе прадстаўнік быў самім Папам, аднак, паглядзеўшы на жыццё Радрыга Борджыа можна заўважыць, што яго лёс нагадваў лёсы многіх яго знатных сучаснікаў. Аб маладых гадах Радрыга Борджыа мы пагаворым сёння.

Сапраўды, будучы Папа дабіўся многага дзякуючы апякунству з боку дзядзькі. 
Менавіта апошні падтрымаў Радрыга Борджыа пасля смерці яго айца і дапамагаў яму ўздымацца па кар’ернай лесвіцы. Дасягунуўшы сямігадовага ўзросту, як дазваляла кананічнае права, ён пачаў выканнанне сваіх першых адміністрацыйных касцёльных функцый у роднай Валенсіі. Трэба адзначыць, што для гэтага не было патрэбы ў святарскім пасвячэнні – да 37 гадоў Радрыга Борджыа выконваў толькі адміністрацыйныя заданні ў Касцёле і ў яго абавязкі не ўваходзіў клопат аб збаўленні душ. Канешне, ён не быў звязаны абяцаннем цэлібату.

Будучы трынаццацігадовым хлопцам, Радрыга Борджыа разам з дзядзькам пераехаў у Рым. Ён быў уражаны Вечным горадам, а Вечны горад, у сваю чаргу, быў уражаны ім. Многія захапляліся аратарскімі і дыпламатычнымі здольнасцямі маладога іспанца. Яго настаўнік, Гаспарэ Веронскі падкрэсліваў, што Радрыга Борджыа быў “вельмі прыгожым хлопцам, якія прыцягваў да сябе жанчын, як магніт”. У той жа час, ён адзначаў стрыманасць юнака. Цікава, што вядомы біёграф Аляксандра VI і аўтар шматлікіх “чорных леганд” аб ім, Фердынанд Грэгаровіус, падкрэсліваў у сваіх кнігах толькі першае.

Радрыга Борджыа вывучаў кананічнае права ў Балонскім універсітэце, напісаў некалькі апалагетычных трактатаў, а таксама шэраг даследванняў, прысвечаных працы курыяльных інстытутаў. 

У 1455 г. яго дзядзька Альфонса дэ Борджыа быў абраны Біскупам Рыма і адразу абвясціў аб неабходнасці перагляду справы Жаны Д’Арк, чым адкрыў шлях да яе рэабілітацыі і кананізацыі. Свайму пляменніку, ужо вядомаму юрысту і спецыялісту ў кананічнымі праве, ён надаў тытул Апостальскага протанатарыя, а затым і шматлікія кіраўнічыя функцыі. Радрыга Борджыа стаў адміністратарам шматлікіх папскіх уладанняў, дыяцэзій, кляштараў і касцёлаў. У 1456 г. яму, пры адзінадушнай падтрымцы пурпуратаў, прысутных ў Рыме, была нададзена кардынальская годнасць. Яшчэ на працягу 12 гадоў Радрыга Борджыа заставаўся свецкім кардыналам.
 
Ведаючы пра дыпламатычныя здольнасці пляменніка, Калікст ІІІ накіроўваў яго ў самыя праблематычныя рэгіёны Папскай дзяржавы, куды многія іншыя кардыналы адмаўляліся ехаць з-за страху перад мясцовымі баронамі. Радрыга Борджыа заўсёды захоўваў цвёрдасць і халодны розум і некалькі разоў праявіў сябе як выдатны дыпламат і нават вайсковец. Яму часта даводзілася змагацца з тыранамі, якія самавольна займалі пасады ў папскіх уладаннях. У 1457 г. ён быў прызначаны віцэ-канцлерам, другім па-важнасці чалавекам у Касцёле, якога называлі таксама “правым вокам Папы”. Да гэтага, пасада віцэ-канцлера была вакантнай на працягу чатырох гадоў. 

Варта падкрэсліць, што ніхто не абвінавачваў у той час Калікста ІІІ у непатызме, новы Папа звычайна заўсёды давяраў самыя высокія пасады членам сваіх сем’яў. Гэта не лічылася злачынствам, а цалкам звыклай практыкай: кардынал Праспера Калона быў пляменнікам Марціна V; Габрыэль Кандульмер, папа Яўген IV, быў пляменнікам папы Грыгорыя XII; Франчэска Кандульмер, кардынал віцэ-канцлер да 1453 г., быў пляменнікам Яўгена IV; Франчэска Пікаламіні Тадэскіні, будучы папа Пій ІІІ, быў пляменнікам Пія ІІ, нарэшце адзін з самых важных праціўнікаў сям’і Борджыа, Джуліана Дэла Ровэрэ, будучы папа Юлій ІІ, быў пляменнікам папы Сікста IV. 

Восем з дваццаці трох кардыналаў, якія сабраліся на канклаў у 1492 г., былі пляменнікамі розных папярэдніх ці будучых Пантыфікаў. Такім чынам непатызм – не быў вынаходкай сям’і Борджыа, але распаўсюджанай з’явай, якая характарызавала звычаі той эпохі. У выпадку Радрыга Борджыа – яго кіраўнічыя і дыпламатычныя здольнасці не выклікалі сумніваў. 

Цікава, што ў гэты перыяд не існавала ніякіх ўспамінаў пра амаральныя паводзіны Радрыга Борджа. Яны з’віліся пазней – у Рыме наспявала антыіспанская змова. 

Справа ў тым, што Калікст ІІІ паспрыяў таму, каб многія важныя пасады ў Касцёле занялі каталонцы. Гэта, канешне, выклікала незадаволенасць многіх італьянцаў. Акрамя таго, на працягу пантыфіката ён рыхтаваўся да крыжовага паходу супраць туркаў і на яго заўсёды з нянавісцю глядзелі рымскія бароны, якія клапаціліся толькі пра вузкія прыватныя інтарэсы і не хацелі лішніх расходаў. Падчас яго першага з’яўлення на публіцы адзін з прадстаўнікоў заможных мясцовых кланаў сустрэў Папу са зброяй у руках. Ад асобы Пантыфіка хацелі толькі выгодаў, як сёння ад палітычных лідэраў. Калікст ІІІ канешне не адпавядаў гэтаму патрабаванню. 

Гэту незадаволенасць атрымаў у спадчыну і яго пляменнік. Пасля смерці Калікста ІІІ, Рардыга Борджа прыйшлося прыкласці вялікія намаганні, каб пахаванне Пантыфіка адбылося ўрачыста – гэтаму моцна працівіліся мясцовыя кардыналы. Затым з’явіліся і першыя абвінавачванні ў амаральнасці. Аб іх мы пачнем размаўляць у наступнай праграме.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.