2015-06-03 13:01:00

Францішак заступіўся за работнікаў італьянскай фірмы


У ходзе агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 3 чэрвеня 2015 г. Папа выказаў спачуванні сем’ям ахвяр паромнай катастрофы на рацэ Янцзы, а таксама заклікаў да павагі правоў людзей, занятых на заводзе “Whirlpool” у італьянскім рэгіёне Кампанія на поўдні краіны, якія знаходзяцца ў небяспецы страціць свае працоўныя месцы.

Вітаючы англамоўных пілігрымаў, Францішак выказаў спачуванні кітайскаму народу ў сувязі з катастрофай турыстычнага судна на рацэ Янцзы. 1 чэрвеня ўвечары перакуліўся турыстычны карабель, на борце якога было 458 чалавек. Як было абвешчана, гаворка ідзе пра па меншай меры 20 смяротных ахвяр і 400 прапаўшых без вестак. Святы Айцец запэўніў у малітве за ахвяр, іх сем’і і ўсіх, хто ўдзельнічае ў выратавальнай аперацыі.

Звяртаючыся да італьянскіх пілігрымаў, Пантыфік выказаў занепакоенасць у сувязі з становішчам людзей, працуючых на заводзе “Whirlpool” у італьянскім горадзе Карынара. Яны сутыкнуліся з сітуацыяй, калі могуць страціць свае працоўныя месцы. Францішак заклікаў да справядлівага рашэння існуючых праблем, павагі да правоў усіх, асабліва сем’яў. Ён адзначыў, што сітуацыя ў рэгіёне ў цэлым вельмі цяжкая і таму тут асабліва неабходна адкрыццё шляхоў надзеі.








All the contents on this site are copyrighted ©.