2015-06-03 11:38:00

Католікаў стала больш на 57% за апошнія 30 гадоў


На працягу апошніх 30 гадоў колькасць католікаў у свеце вырасла на 57%, пры гэтым колькасць каталіцкіх святароў скарацілася на 17%. Гэта вынікае з даследавання, праведзенага вашынгтонскім “Centers for Applied Research in the Apostolate” (CARA), некамерцыйным даследчым цэнтрам пры Джорджтаўнскім універсітэце, які праводзіць сацыяльныя навуковыя даследаванні адносна Каталіцкага Касцёла.

Колькасць католікаў у перыяд з 1980 па 2012 г. г. вырасла на 445 млн і складае 1,22 млрд чалавек. Колькасць жа каталіцкіх святароў упала прыкладна на 20 550 і складае каля 393 тыс. чалавек. У Еўропе лічба духавенства скарацілася на 32%. У цяперашні час тут налічваецца на 78 090 святароў менш, чым ў 1980 г. Але іх лік расце ў тых рэгіёнах, дзе расце колькасць вернікаў. У Афрыцы гэты паказальнік павялічыўся на 131%, у Азіі – на 121%.

У Еўропе ўсё яшчэ назіраецца вялікая доля святароў – 42% пры 23% каталіцкага насельніцтва, хоць працэнт штотыднёвага наведвання св. Імшы на Старым Кантыненце вагаецца ў межах 20, у Афрыцы ён дасягае 70.

Даследаванне, заснаванае на дадзеных Святога Пасаду, адзначае нераўнамерны прырост вернікаў Каталіцкага Касцёла ў розных рэгіёнах. Так каталіцкае насельніцтва Еўропы павялічылася толькі на 6%, у той час як у Афрыцы – на 238%. Такі вялікі рост больш звязаны з павелічэннем агульнай колькасці насельніцтва і высокай нараджальнасцю на афрыканскім кантыненце і менш – з міграцыяй або місійнымі поспехамі, лічаць даследчыкі.

У параўнанні з ваганнямі колькасці сусветнага насельніцтва, доля католікаў за апошнія 50 гадоў адносна стабільная і застаецца на ўзроўні 17,5%. 

Колькасць парафій у Каталіцкім Касцёле ўзрасла толькі на 7%. У Еўропе жыве 23% усіх католікаў, але на кантыненце знаходзіцца большая частка ўсіх парафій, хоць у Азіі і Афрыцы іх лічба павялічылася ў 2 разы з 1980 г. 30 гадоў таму сярэднестатыстычная каталіцкая парафія складалася з 3 759 членаў. Па апошніх дадзеных, гэта колькасць вырасла на 46%, да 5 491 чалавек. Каб ісці ў нагу з ростам колькасці вернікаў, да 2050 г. неабходна адкрыць каля 75 тыс. новых парафій, прыйшлі да высновы аўтары навуковага даследавання.








All the contents on this site are copyrighted ©.