2015-06-02 11:24:00

Жорсткія інсінуацыі адносна ватыканскага кардынала


Заявы аднаго з членаў Папскай камісіі па абароне непаўналетніх у дачыненні да кардынала Джорджа Пэла з’яўляюцца асабістымі і не звязаны з кампетэнцыямі гэтага Камітэта. Такім чынам кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, кс. Фэдэрыка Ламбардзі падвёў вынікі тэлевізійнага выступлення Пітэра Сондэрса, які належыць да ўзгаданай структуры, створанай Папам для распрацоўкі і ўкаранення ў Касцёле прынцыпаў абароны непаўналетніх ад злоўжыванняў.

Англійскі тэрапеўт, які займаецца ахвярамі сексуальнага насілля, абвінаваціў прэфекта ватыканскага Сакратарыяту па эканамічных пытаннях у тым, што ў часы яго служэння ў Аўстраліі дзейнічаў “сацыяпатычна” у адносінах да ахвяр педафіліі. Такім чынам, Сондэрс далучыўся да дэбатаў, якія трываюць у Аўстраліі, на тэму меркаванага затойвання кардыналам Пэлам выпадкаў сексуальнага насілля святароў у адносінах да непаўналетніх. 

Сам аўстралійскі кардынал абверг гэтыя абвінавачванні і сцвердзіў гатоўнасць паўстаць перад спецыяльнай камісіяй па расследаванні выпадкаў педафіліі ў каталіцкіх установах. Таксама прэс-сакратар кардынала назваў абвінавачванні Сондэрса “ілжывымі, уводзячымі ў зман і абуральнымі”, і спаслаўся на шэраг мер, прадпрынятых кардыналам Пэлам у якасці арцыбіскупа Сіднэя, каб высветліць і пакласці канец з’яве такога роду злоўжыванняў у Касцёле. Аб гэтых фактах таксама нагадаў кс. Фэдэрыка Ламбардзі і прызнаў гатоўнасць кардынал Пэла супрацоўнічаць са спецыяльнай касцёльнай камісіяй “годнай павагі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.