2015-06-02 15:04:00

Высокі ватыканскі іерарх з візітам у Ліване


Кардынал Дамінік Мамбэрці, прэфект Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры і былы сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі, знаходзіцца з візітам у Ліване. Падарожжа адбываецца па запрашэнні мараніцкага Патрыярха Антыёхіі кардынала Бутраса Раі, з 29 мая па 5 чэрвеня 2015 г. 

У ходзе візіту пурпурат праводзіць сустрэчы з шэрагам высокіх палітычных дзеячаў краіны: старшынёй верхняй палаты парламента, прэм’ер-міністрам і міністрам замежных спраў. З красавіка 2014 г. у Ліване застаецца нявызначанай палітычная сітуацыя: парламент не можа абраць Прэзідэнта краіны. Ім, згодна з ліванскай Канстытуцыяй, можа стаць толькі прадстаўнік хрысціян-маранітаў. Чарговае галасаванне запланавана на 3 чэрвеня 2015 г.

Акрамя сустрэч з палітычнымі лідэрамі, кардынал Мамбэрці будзе прысутнічаць на генеральнай асамблеі патрыярхаў, каталіцкіх і праваслаўных епісакапаў, якая адбудзецца ў Бкерке. Ён сустрэнецца таксама са святарамі, адказнымі за працу касцёльных судовых інстанцый.

Кардынал Мамбэрці глыбока дасведчаны ва ўнутраных праблемах Лівана. З 1996 па 1999 гг. ён быў супрацоўнікам нунцыятуры ў гэтай краіне, а затым наведваў яе ў якасці сакратара па адносінах з дзяржавамі. 

“На працягу гэтых некалькіх дзён я буду мець шматлікія братэрскія сустрэчы. У гэтым трэба заўважыць выраз зацікаўленасці і заклапочанасці Святога Айца, які ўважліва назірае за падзеямі ў Ліване і на Блізкім Усходзе”, - сказаў пурпурат напярэдадні візіту. Ён выказаў пажаданне, каб у краіне працягвала панаваць стабільнасць, а ўсе яе жыхары маглі жыць у міры і працаваць на карысць супольнага дабра.








All the contents on this site are copyrighted ©.