2015-06-01 14:30:00

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння з візітам у Польшчы


Пра неабходнасць мужнага абвяшчэння Евангелля жыццём і працай нагадаў кардынал Герхард Людвіг Мюлер, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння. Ён адзначыў, што сведчанне веры Каталіцкага Касцёла сёння ўсё больш неабходна, таму што ў розных частках свету “у імя Езуса” гінуць шматлікія нашы браты і сёстры. Іерарх узначаліў 31 мая 2015 г. урачыстую Эўхарыстыю ў Пякарах Слёнзскіх у Польшчы з нагоды штогадовай пілігрымкі мужчын і юнакоў у санктуарый Маці любові і сацыяльнай справядлівасці.

“Сёння трэба мець мужнасць, каб вызнаваць веру ў Бога ў Найсвяцейшай Тройцы Адзінага і пацвярджаць сваю вернасць Касцёлу. Як моцна цяперашні свет мае патрэбу ў гэтым сведчанні з боку хрысціян!”, - сказаў ватыканскі іерарх. Ён дадаў, што чалавек, як у мінулым, так і сёння, стварае сабе рознага кшталту “залатых цяльцоў” – рэчаіснасці, якія займаюць месца Бога. Часта чалавек, поўны ўнутранага болю і слёз, трывогі і праблем, паддаецца на розныя інсінуацыі “гэтага свету” і ідзе да ілюзорных міражоў. Ніхто і нішто, аднак, не мае здольнасці даць яму любові, роўнай той, якую мае Бог, які сам ёсць Любоў.

Гаворачы аб выкліках, якія стаяць перад сучаснымі хрысціянамі, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння адзначыў, што сёння мы адчуваем узмацненне “вострага ветру лібералізму і геданізму”, якія руйнуюць веру і самаго чалавека, руйнуюць сям’ю, салідарнасць і сувязі паміж народамі. “Колькі ж яшчэ сённяшні “аэрапаг свету” будзе абвяшчаць лозунгі пра перавагу свету рэчаў над духоўным. Колькі ж разоў сённяшнія “пантэоны” будуць спакушаць чалавека магчымасцю выбару бога і сістэмы каштоўнасцяў – і гэта ўсё ў імя ілюзорнай свабоды”, - звярнуўся да пілігрымаў ватыканскі іерарх. Кардынал Мюлер падкрэсліў, што Маці любові і сацыяльнай справядлівасці ніколі не пакіне нас самотнымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.