2015-05-31 11:27:00

“Дзіцячы цягнік” прыехаў у Ватыкан


30 мая 3015 г. ужо ў трэці раз у Ватыкан прыехаў “Дзіцячы цягнік”, а ў ім дзвесце нашчадкаў бацькоў, якія прабываюць у цяперашні час у турме. Праект, арганізатарам якога з’яўляецца Папская рада па культуры ў рамках ініцыятывы “Падворак язычнікаў”, уключыў дзяцей зняволеных асоб, якія адбываюць пакаранне ў трох турмах: у Бары, Тэрні і Рыме.

“У гэтым годзе ўпершыню дзеці прыехалі ў суправаджэнні аднаго з бацькоў, які не знаходзіцца ў турме, або дзядулі ці бабулі. Калі абодва бацькі адбываюць пакаранне, прысутнічаюць валанцёры”, - падзялілася Патрыцыя Марцінэс, аніматар ініцыятывы “Дзіцячы падворак”. Яна прызналася, што гэта вельмі кранула адказных асоб з гэтых трох турмаў. Бацькі былі вельмі зацікаўлены ў пошуку апекуна для свайго дзіцяці, каб яно змагло прыняць удзел у гэтым урачыстым спатканні з Папам. 

Некаторыя з дзяцей нарадзіліся ў турме, а затым трапілі пад апеку сваякоў або ў спецыяльныя цэнтры дапамогі. “Тое, што для нас важна ў гэтым годзе, гэта паказаць сілу, уласцівую сям’і. Незалежна ад таго, наколькі цяжкія і цёмныя моманты ёй прыходзіцца перажываць, сям’я, наколькі можа, заўсёды абараняе сваіх дзяцей”, - сказала Патрыцыя Марцінэс.

“Дзіцячы цягнік” прыбыў на чыгуначную станцыю ў Ватыканскіх садах. Затым маленькія пілігрымы разам са сваімі настаўнікамі сустрэліся ў Зале Паўла VI з папам Францішкам. Яны падарылі Пантыфіку каляровага паветранага змея, сімвал іх мары аб лепшым жыцці, а таксама знак свабоды. На працягу доўгага часу Святы Айцец вёў дыялог з дзецьмі аб тым, што азначае марыць. Ён спытаў іх, ці дзякуючы марам мы можам перанесціся туды, куды хочам: таксама да асуджаных бацькоў? Дзеці адказалі, што чалавечае сэрца, пазбаўленае мар, павольна ламаецца, становіцца халодным і цвёрдым, як скала.

“Наша сэрца становіцца халодным і каменным, калі мы не слухаем Божага слова і Езуса”, - адказала Францішку адна з малых удзельнікаў сустрэчы. “Ты добра сказала. Не забывайцеся аб гэтым. Ніколі не спыняйцеся парыць праз вашыя мары, не спыняйцеся марыць і слухаць словы Езуса. Слухаючы Яго, мы расцём, наша сэрца расце і любіць усіх”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.