2015-05-30 11:28:00

Святы Пасад: не пераносіць “гарадскія метады” у вёску


Не можна “трансплантаваць” метады, якія выкарыстоўваюцца ў гарадскіх парафіях, толькі таму, што глабалізацыя і сацыяльная міграцыя таксама адбіваюцца і на вёсцы, лічыць арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі. Ён накіраваў спецыяльнае пасланне да ўдзельнікаў ІІІ Кангрэсу новай евангелізацыі, які праходзіць у Польшчы. Гэты нацыянальны форум прысвечаны сёлета евангелізацыі ў вясковым асяроддзі. Яго прымае невялікая вёска Скшатуш у цэнтральна-заходняй частцы краіны.

Евангелізацыя ў сельскай мясцовасці, заўважыў ватыканскі іерарх, вельмі цікавая і актуальная, і, на жаль, вельмі часта незаўважаная і недаацэненая. Ёй спрыяюць: большая прастора, спакойны, але не менш актыўны, рытм жыцця, значна бліжэйшы кантакт з прыродай і меншая ананімнасць. Хрысціянская супольнасць у такіх умовах развіваецца па-іншаму і інакш перажывае сваю веру.

Арцыбіскуп Фізікела закрануў таксама тэму так званай “народнай пабожнасці”, якая, на яго думку, часта недаацэньваецца і нават сустракаецца з недаверам. Менавіта на яе падставе, лічыць ватыканскі іерарх, пад уплывам Святога Духа развіваецца скарб веры, “змяняючы асабліва тых, хто не спыняецца на знешніх праявах абрадавасці, але ўмее знайсці ўкрытага ў іх жывога Езуса Хрыста”. “Народная пабожнасць” мае ўласную духоўнасць, “якая лепш за ўсё адпавядае менавіта тым людзям, якія жывуць ёй”. Трэба не абмяжоўваць або кантраляваць яе, але зразумець і палюбіць, спаслаўся на словы папы Францішка старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.