2015-05-29 11:06:00

Пантыфік пра тры жыццёвыя пазіцыі вернікаў


Сапраўдная вера, адкрытая на іншых і на прабачэнне, чыніць цуды, адзначыў папа Францішак 29 мая 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У евангельскім ўрыўку, на які спаслаўся Пантыфік, гаворка ідзе пра тры вобразы: смакоўніцу, якая не дае пладоў, мянялаў і гандляроў з ерузалемскай святыні і чалавека веры. Усе яны, на думку Святога Айца, прадстаўляюць розныя жыццёвыя пазіцыі.

Смакоўніца прадстаўляе бясплоднасць, бясплоднае жыццё – няздольнае прынесці дабро. Паводле Святога Айца, яна сімвалізуе чалавека, які не робіць нічога, каб дапамагаць іншым, які жыве толькі для сябе, пазбягае турботаў і клапоціцца выключна аб уласным дабрабыце. “Напрыканцы такія становяцца неўротыкамі, усе! Езус асуджае духоўную бясплоднасць, духоўны эгаізм”, - падкрэсліў Пантыфік.  

Іншая жыццёвая пазіцыя – гэта пазіцыя дзяльцоў, якія рабілі свой бізнес выкарыстоўваючы ерузалемскую святыню: мянялі манеты, прадавалі ахвярных жывёлаў. Гэта не толькі талеравалася, але і дазвалялася святарамі. Яны зрабілі  бізнес з рэлігіі. У адносінах да іх Езус не шкадаў словаў: “Дом мой назавецца домам малітвы для ўсіх народаў. А вы зрабілі яго пячорай злачынцаў”, - нагадаў Папа.

Пілігрымы, якія прыходзілі ў святыню, каб прасіць благаслаўлення Божага, прыносіць ахвяры – выкарыстоўваліся. “Святары не вучылі іх маліцца, не катэхізавалі іх. Яны былі зграяй злачынцаў. Плаціце, уваходзьце... Здзейснялі абрады, пустыя, без пабожнасці”, - сказаў Папа і заклікаў вернікаў паразважаць ці не адбываецца так сёння ў некаторых месцах, ці не выкарыстоўваюцца Божыя справы для абагачэння.

Трэццяя жыццёвая пазіцыя, на якую звярнуў увагу Пантыфік, гэта жыццё верай пра якое Езус казаў так: “калі хто скажа гары: Падыміся і кінься ў мора, – і не засумняваецца ў сэрцы сваім, але паверыць, што збудзецца сказанае, то будзе яму”. Неабходна прасіць Пана аб дапамозе ў здяйсненні добрых спраў і Ён дапаможа. Адзінай умовай для гэтага з’яўляецца прабачэнне, нагадаў Францішак і дадаў, што жыццё верай здольнае чыніць цуды.








All the contents on this site are copyrighted ©.