2015-05-29 15:46:00

Зменены статут Ватыканскага пенсійнага фонду


Папа Францішак унёс змены ў статут Ватыканскага пенсійнага фонду. Згодна з апостальскім лістом у форме “Motu Proprio” ад 29 мая 2014 г. пасада кіраўніка гэтай структуры больш не будзе сумяшчацца з пасадай кіраўніка Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, як было да гэтага часу. 

Кіраўнік Ватыканскага пенсійнага фонду будзе прызначацца Святым Айцом асобна – на пяцігадовы тэрмін і з магчымасцю яго працягнення. Спіс, з прынамсі трох кандыдатаў на гэту пасаду, павінна прадстаўляць Пантыфіку  Рада па эканамічных пытаннях Апостальскай Сталіцы. Кандыдаты не абавязкова павінны быць духоўнымі асобамі.

Іншай інавацыяй стала ўвядзенне ў склад кіраўнічай рады Ватыканскага пенсійнага фонду чатырох знешніх экспертаў – спецыялістаў з розных краін. Раней усе члены рады павінны былі быць супрацоўнікамі ватыканскіх структур. 

Чатыры іншыя эксперты павінны прадстаўляць: Кангрэгацыю Евангелізацыі Народаў, Камісію па справах Дзяржавы Ватыкан, Адміністрацыю маёмасці Апостальскай Сталіцы і Фабрыку св. Пятра. Яшчэ два члена кіраўнічай рады, павінны быць: актуальным ватыканскім служачым і пенсіянерам.

Згодна з абноўленым статутам дзейнасць Ватыканскага пенсійнага фонду будзе кантралявацца Радай па эканамічных пытаннях, Сакратарыятам па эканамічных пытаннях і Генеральным рэвізорам. Такім чынам уводзіцца знешні кантроль за працай гэтай структуры.

Змены звязаны з рэформамі фінансавай і эканамічнай сістрэмы Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан і стварэннем новых структур: Рады і Сакратарыяту па эканамічных пытаннях.








All the contents on this site are copyrighted ©.