2015-05-29 13:54:00

Ватыканскі кардынал атрымаў харвацкую ўзнагароду


Кардынал Дамінік Мамбэрці, былы сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі, стаў кавалерам Ордэна князя Трпіміра – высокай дзяржаўнай узнагароды Рэспублікі Харватыя. Ордэн уручыла іерарху Прэзідэнт гэтай балканскай краіны Калінда Грабар-Кітаравіч 28 мая 2015 г., у рамках свайго візіту ў Рым і Ватыкан, адзначаючы ўклад пурпурата ў развіццё выдатных адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Харватыяй. 

У сваёй прамове Калінда Грабар-Кітаравіч нагадала пра важнасць прызнання незалежнасці харвацкага княства ў далёкім 879 г. папам Янам VIII – самым высокім касцёльным і палітычным аўтарытэтам той эпохі. “На працягу стагоддзяў харвацкі народ ніколі не пераставаў супрацоўнічаць у справе будавання аблічча Еўропы, узбагачаючы яго хрысціянскую традыцыю чалавечых, духоўных і культурных каштоўнасцяў і прыгажосці”, - падкрэсліла палітык.

Ордэн князя Трпіміра – пятая па рангу дзяржаўная ўзнагарода Харватыі. Яна ўручаецца за ўклад у незалежнасць, цэласнасць і міжнародную рэпутацыю Харватыі, яе развіццё і ўмацаванне адносін паміж харвацкай дзяржавай і іншымі краінамі.

Кардынал Мамбэрці займаў пасаду сакратара Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі з 2006 па 2014 год. Затым папа Францішак прызначыў яго прэфектам Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры.








All the contents on this site are copyrighted ©.