2015-05-28 15:02:00

У Сараеве Папа не спашлецца на аб’яўленні з Меджугор’я


Не чакаецца, што 6 чэрвеня 2015 г., падчас візіту ў сталіцу Босніі і Герцагавіны, Папа спашлецца нейкім чынам на пытанне аб меркаваных аб’яўленнях у Меджугор’і, сказаў 28 мая 2015 г. у ходзе брыфінгу для журналістаў кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду падкрэсліў, што не існуе асцярог адносна бяспекі Пантыфіка, таму ён будзе перасоўвацца ў Сараеве ў асноўным адкрытым папамабілем.

Меджугор’е знаходзіцца ў дыяцэзіі Мостар ў Босніі і Герцагавіне. Па словах групы маладых жыхароў гэтага мястэчка, 24 чэрвеня 1981 г. ім пачала аб’яўляцца Багародзіца, перадаючы пасланні. Каталіцкі Касцёл не выказаўся канчаткова аб звышнатуральным характары з’явы. На сённяшні дзень Святы Пасад прызнае справядлівай пазіцыю епіскапату былой Югаславіі з 1991 г., згодна з якой не можна пацвердзіць звышнатуральнай прыроды з’яў, якія адбываюцца ў Меджугор’і. Пакуль гэтага не адбудзецца, туды не можна арганізоўваць афіцыйных пілігрымак. Нягледзячы на гэта, прыбываючым у гэта месца вернікам павінна быць забяспечана душпастырская апека. Кожны год у Меджугор’е прыязджае каля 2 млн. чалавек.

18 студзеня 2014 г. завяршыла сваю працу міжнародная камісія па даследаванні меркаваных аб’яўленняў, вынікі якіх былі накіраваны ў Кангрэгацыю Веравучэння, якая, як чакаецца, выкажа меркаванне па гэтым пытанні.

Самалёт са Святым Айцом на борце прызямліцца ў Сараеве 6 чэрвеня 2015 г. каля 9.00. Праз паўгадзіны пройдзе цырымонія прывітання перад прэзідэнцкім палацам, у якім пасля Францішак правядзе сустрэчы з кіраўніком краіны і прадстаўнікамі ўладаў. У 11.00 на стадыёне “Koševo” Папа ўзначаліць св. Імшу, пасля якой у нунцыятуры паабедае з біскупамі Босніі і Герцагавіны. У другой палове дня адбудуцца спатканні Пантыфіка з духавенствам і законнікамі, прадстаўнікамі канфесій і рэлігій, а таксама моладдзю. У 20.00 самалёт з Папам на борце вылеціць у Рым.








All the contents on this site are copyrighted ©.