2015-05-28 16:14:00

Пра што кажуць евангельскія радаводы Езуса Хрыста?


Напэўна, чытаючы Евангелле многія заўважалі, што радаводы Езуса Хрыста, прадстаўленыя евангелістамі Мацвеем і Лукой, адрозніваюцца паміж сабой. Аўтары Евангелля выкарыстоўваць розны парадак і структуру ў апісанні продкаў Збаўцы, але, што яшчэ цікавей, узгадваюць толькі некалькі агульных імёнаў – Абрагама, Давіда і Юзафа – імёны ўсіх астатніх продкаў адрозніваюцца. Існуе некалькі тлумачэнняў гэтага, пра што мы пагаворым у будучых праграмах. Сёння прапаную пазнаёміцца са значэннем і сімвалізмам фактаў, прадстаўленых у апісанні самаго генеалагічнага дрэва Хрыста. Разважанню над імі прысвяціў частку сваёй кнігі “Дзяцінства Езуса” Бэнэдыкт XVI. На яе мы і будзем спасылацца.

Св. Мацвей змясціў радавод Хрыста на самым пачатку свайго Евангелля, нібыта ўводзячы чытачоў у апавяданне пра тое, кім быў Збаўца і ў чым заключалася Яго місія. У яго радаводзе фундаментальнае значэнне мае спаўненне запавету паміж Богам і людзьмі. Менавіта таму св. Мацвей пачаў апавядаць пра род Езуса з Абрагама. Пасля падзелу чалавецтва ў выніку будавання Вавілонскай вежы Бог паабяцаў, што менавіта ў ім “будуць названы благаслаўлёнымі ўсе народы зямлі”. Праз Абрагама павінна было прыйсці благаслаўленне для ўсіх. Такім чынам яго гісторыя з самага пачатку была арыентавана на будучыню – на прыход Езуса Хрыста.

Іншай важнай асобай, якой было дадзена Божае абяцанне, з’яўляецца кароль Давід. Яму было абяцана вечнае валадаранне: “Твой трон будзе трываць вечна” (2Сам 7,16). Радавод складзены св. Мацвеем базуецца на трох групах па чатырнаццаць пакаленняў у кожнай: першая сягае ад Абрагама да Давіда, другая – ад Саламона да вавілонскага перасялення, трэцяя – ад перасялення да Езуса, у якім абяцанне дасягае сваёй кульмінацыі. У Езусе, паводле Папы, аб’яўляецца Валадар, які застанецца назаўсёды.

У радаводзе св. Мацвея ёсць яшчэ адна цікавая асаблівасць – тут, сярод шматлікіх мужчынаў узгадваюцца чатыры жанчыны: Тамар, Рахаб, Рут і “жонка Урыі”. Па якім крытэрыі яны былі выбраны? Бэнэдыкт XVI адзначае, што гэтыя чатыры жанчыны былі грэшніцамі. Так, узгадка пра іх можа ўказваць на місію Хрыста – узяць на сябе грахі ўсіх людзей і збавіць іх. Не менш важным з’яўляецца і тое, што ўсе чатыры ўзгаданыя жанчыны не былі яўрэйкамі. Так становіцца відавочным, што місія Езуса тычыцца не толькі яўрэяў, але і язычнікаў. 

Евангеліст Мацвей заканчвае радавод Хрыста ўзгадкай пра яшчэ адну жанчыну: Марыю, якая стала новым стварэннем. Да яе апавяданне было пабудавана па прынцыпе: “Абрагам нарадзіў Ісаака...” і гэтак далей. Але затым сітуацыя змяняецца: бацькам Езуса не названы Юзаф. Евангелістам падкрэслівалася, што Ён нарадзіўся ад Марыі, а “зачатае ў ёй” – ад Духа Святога” (Мц 1,20). Марыя – гэта новы пачатак. Яе Дзіця не нарадзілася ад чалавека, але было новым стварэннем – зачатым ад Святога Духа. Радавод, тым не менш, заставаўся важным, каб паказаць, што юрыдычна Езус прыналежыць да роду Давіда, бо, паводле закона, яго бацькам быў Юзаф. 

У радаводзе, складзеным св. Лукой, існуе шэраг адрозненняў. Па-першае, ён змясціў апісанне роду Хрыста не ў пачатку Евангелля, як гэта зрабіў св. Мацвей, але перад апісаннем публічнай дзейнасці Езуса. Перад радаводам св. Лука палічыў неабходным апісаць тое, якім было нараджэнне Езуса. Толькі пасля гэтага ён знаёміць чытачоў з юрыдычным бокам – зямнымі “продкамі” Збаўцы. 

Цікава таксама, што ў радаводах, складзеных св. Мацвеем і св. Лукой супадаюць толькі некаторыя імёны продкаў Езуса. У іх адрозніваюцца нават імёны айцоў Юзафа. Магчыма, што абодва аўтары працавалі з рознымі крыніцамі, якія сёння аднавіць немагчыма. Таму, на думку Бэнэдыкта XVI, не варта засяроджвацца над гэтым пытаннем. 

Паводле Пантыфіка, у першую чаргу, важна зразумець, што для евангелістаў не былі прынцыповымі асобныя імёны, але сімвалічная структура, праз якую Езус быў уключаны ў гісторыю: яго перакрыжаванне з гістарычнымі шляхамі абяцання і новага пачатку.

Мацвей пачаў радавод ад Абрагама. У сваю чаргу св. Лука склаў яго ў адваротным парадку – пачынаючы ад Езуса і сягаючы да самых вытокаў існавання чалавечага роду: да “Адама, сына Бога” (Лк 3,38). Св. Лука паказаў, што карані чалавецтва знаходзяцца не ў глыбіні, а “у вышыні” – сам Бог знаходзіцца ля вытокаў чалавечага існавання.

Св. Лука проста, без знешняй артыкуляцыі, пералічвае 76 імёнаў продкаў Хрыста. Разам з Езусам – 77 асоб. Паводле Бэнэдыкта XVI тут магла быць выкарыстана сімвалічная для той эпохі апакаліптычная схема – 11 разоў па 7 элементаў, пра якую ведаў св. Лука. Магчыма евангеліст хацеў паказаць, што Езус нарадзіўся, калі наступіла “поўня часу” і з Ім гісторыя чалавецтва пачалася нанова: Езус – новы Адам, які яшчэ раз быў пасланы Богам, але больш радыкальна, чым раней – Ён існаваў не толькі дзякуючы Богу, але быў па-сапраўднаму Яго Сынам. Калі ў св. Мацвея, абяцанне дадзенае Давіду, характарызуе сімвалічную структуру часу, то св. Лука, зыходзячы аж да Адама,  жадае паказаць, што ў Езусе чалавецтва пачалося нанова. Радавод – гэта выраз абяцання, які тычыцца ўсяго чалавецтва.

Св. Ірыней прапанаваў іншае тлумачэнне радоводу Збаўцы. Ён звязаў колькасць імёнаў з колькасцю вядомых са старазапаветных часоў народаў зямлі. Паводле св. Ірынея, гаворка можа ісці пра тое, што прадстаўленне пакаленняў, якія папярэднічалі Хрысту, сімвалізуе, што Яго прыйсце ахоплівае ўсе народы зямлі, усю гісторыю і дае новы імпульс на шляху да новага быцця чалавекам. Акрамя таго, каля 70 вучняў Езус адправіў прапаведваць Евангелле.

Такім чынам бачна, што радаводы Хрыста, складзеныя евангелістамі Мацвеем і Лукой, не з’яўляюцца проста пералікам асобаў, але ўтрымліваюць у сабе глыбокі сэнс, звязаны з асобай і місіяй Збаўцы.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.