2015-05-27 16:40:00

Чаму Касцёл супраць усынаўлення дзяцей гомасексуальнымі парамі?


На працягу апошніх некалькіх гадоў у шэрагу краін свету гомасексуальныя  пары атрымалі права на ўсынаўленне дзяцей. Гэта “дасягненне” часта разглядаецца як сапраўдны прагрэс чалавецтва, якое ідзе наперад і “ў імя любові” разбурае розныя перашкоды і сярэдневечныя забабоны. Прыхільнікі дадзеных новаўвядзенняў карыстаюцца класічнай стратэгіяй – сцвярджаюць, што праціўнікі усынаўлення дзяцей гомасексуальнымі парамі звязаны з Каталіцкім Касцёлам і канешне іх пазіцыя грунтуецца на веры, традыцыі і вернасці старажытным прынцыпам, якія не маюць нічога супольнага з сучаснай рэальнасцю і рацыянальнасцю.

Канешне гэта не так. Супраць выхавання дзяцей ў гомасексуальных асяродках выступае не толькі Каталіцкі Касцёл. Пабоднай пазіцыі прытрымліваюцца прадстаўнікі іншых рэлігій, многія урачы, навукоўцы, інтэлектуалы, і нават многія гомасексуалісты, якія кіруючыся здаровым розумам прызнаюць, што найлепшым асяродкам для выхавання дзяцей з’яўляецца сям’я, у якой ёсць бацька і маці.

Адным з аргументаў на карысць легалізацыі усынаўлення гомасексуальнымі парамі з’яўляецца іх права мець дзяцей і любіць іх. Маўляў гомасексуалісты таксама людзі, якія маюць права на шчаслівае жыццё і могуць адарыць дзіця, часам яшчэ большай любоўю, чым некаторыя гетерасексуальныя сем’і. Канешне, любіць дзіця можна незалежна ад сексуальнай арыентацыі. Аднак дзіцяці, для таго каб гарманічна і рознабакова развівацца, неабходна не толькі быць любімымі, але яму неабходна асаблівая любоў: любоў таты і маці.
Вядома, што сям’я заснаваная на сужэнстве паміж мужчынам і жунчынай з’яўляецца самым стабільным і найбольш спрыяючым развіццю дзіцяці асяродзем.

Даследванні ў галіне псіхалогіі і сацыялогіі пацвярджаюць, што дзеці развіваюцца лепш маючы і бацьку і маці, якія граюць розныя і ўзаемадапаўняльныя ролі ў іх жыцці. Гэта узаемадапаўняльнасць і выхаваўчае ўзаемадзянне з’яўляюцца фундаментальна важнымі для росту дзіцяці і развіцця яго асабовасці. Развіццё дзіцяці, пачуццё ўласнай годнасці і вера ў сябе  залежаць ад гэтай узаемадапаўняльнасці і ўзаемадзення.

Італьянскі псіхааналітык і святар кс. Тоні Анатрэла, які з’яўляецца дарадчыкам Папскай рады па справах сям’і, пацвердзіў, што “дзіця мае патрэбу ў мужчыне і жанчыне для таго, каб сфарміравацца эмацыянальна” і “несправядліва лічыць, што яму дастаткова толькі адчуваць сябе любімым для развіцця”. “Дзіця мае патрэбу ў асобах мужчыны і жанчыны, бацькі і маці, каб належна развівацца”, - адзначыў ён у інтэрв’ю агенцтву “Zenit”.

Аднак часта, каб гарантаваць правы гомасексульных параў у ахвяру праносяцца  правы дзяцей. Паводле старшыні Папскай рады па справах сям’і арцыбіскупа Пальі “усынаўленне дзяцей гомасексуалістамі пераўтварае дзяцей у тавар”. Дзеці, у дадзеным выпадку становяцца невіннымі ахвярамі не толькі пачуццяў дарослых, але таксама і іх жаданняў, якія не могуць спыніць нават відавочныя факты.

У адным з дакументаў Кангрэгацыі Веравучэння апублікаваным пад назвай “Заўвагі адносна праектаў легалізацыі саюзаў паміж асобамі з гомасексуальнай арыентацыяй” сцвярджаецца: “Як паказвае досвед, адсутнасць палавой біпалярнасці стварае перашкоды для нармальнага развіцця дзяцей уключаных у асяродзі такіх саюзаў”. У такіх саюзах не хапае двух фундаментальных сацыяльных інстытутаў: мацярынства і бацькоўства. Уключэнне дзяцей праз усынаўленне ў такія асяродзі – гэта акт насілля над гэтымі дзецьмі, у тым сэнсе што адбываецца злоўжыванне іх слабасцю і безабароннасцю для таго, каб памясціць у асяродзі не спрыяючыя іх нармальнаму чалавечаму развіццю. Канешне такая практыка – амаральная і супярэчыць міжнародным прынцыпам у сферы абароны правоў дзіцяці.

Акрамя таго, што выхаванне ў неадпаведных умовах наносіць траўмы рознага кшталту самаму дзіцяці, наступствы гэтага могуць быць драматычнымі для усяго грамадства. Даказана, што дзеці, якія недаатрымалі бацькоўскай ці мацярынскай любові больш схільны да асацыяльнага жыцця, маюць праблемы з вучобай, часцей перакрочваюць мяжу законнасці. Такім чынам грамадства губляе ў іх добрых, здаровых і ураўнаважаных грамадзян.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.