2015-05-26 11:01:00

Пантыфік нагадаў пра прыклад св. Філіпа Нэры


Папа Францішак нагадаў пра актуальнасць жыццёвага і душпастырскага прыкладу св. Філіпа Нэры. З нагоды 500-годдзя з дня яго нараджэння Пантыфік скіраваў спецыяльнае пасланне членам Канфедэрацыі аратарыянцаў св. Філіпа Нэры – заснаванага ім у 1588 г. таварыства апостальскага жыцця.

Св. Філіп Нэры пражыў у Рыме амаль шэсцьдзесят гадоў і справядліва заслужыў тытул “апостала Рыму”. Яго жыццёвы шлях быў глыбока пазначаны адносінамі з Езусам Хрыстом і імкненнем прывесці да Пана шматлікія душы. Менавіта на падставе гэтага жадання ўзнік араторый – касцёльная рэчаіснасць, дзе прысутнічала малітва, слуханне і разважанне над Божым словам, падрыхтоўка да годнага прыняцця сакрамэнтаў, навучанне хрысціянскаму жыццю праз гісторыі святых і Касцёла, ініцыятывы на карысць самых бедных, напісаў Папа.

Дзякуючы апостальству св. Філіпа Нэры, збаўленне душаў зноў стала прыярытэтам Касцёла. Стала зноў зразумела, што пастыры павінны быць побач з людзьмі, каб весці іх і падтрымліваць у веры. Святы праводзіў шмат часу ў канфесіянале, уважліва сачыў за духоўным ростам сваіх вучняў, прывабліваючы людзей сваімі асабістымі рысамі: чалавечым цяплом, радасцю, сціпласцю і лагоднасцю, падкрэсліў у сваім пасланні Пантыфік.

Св. Філіп Нэры застаецца ззяючым прыкладам пастаяннай місіі Касцёла ў свеце – прыкладам для біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў.

Папа заклікаў паслядоўнікаў святога не задавольвацца павярхоўным жыццём, быць людзьмі малітвы і сведчання, каб прывабліваць людзей да Хрыста.

Святкаванне 500-гадовага юбілею св. Філіпа Нэры пачалося ў Рыме 25 мая 2015 г. і будзе працягвацца да 26 мая 2016 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.