2015-05-23 12:24:00

Святы Айцец: свет мае патрэбу ў “жаночым геніі”


Пантыфік вельмі высока ацэньвае намаганні жанчын для абароны жыцця, змагання з беднасцю, прыгнётам і несправядлівасцю ва ўсім свеце. Ён скіраваў пасланне да ўдзельнікаў рымскага форуму, прысвечанага ролі жанчын у рэалізацыі ААН-аўскай праграмы “Мэты развіцця пасля 2015 года”. “Жанчыны сустракаюцца са шматлікімі праблемамі і цяжкасцямі ў розных частках свету. На Захадзе, яны часам усё яшчэ сутыкаюцца з дыскрымінацыяй на працоўным месцы; часта вымушаны выбіраць паміж працай і сям’ёй; нярэдка пакутуюць ад гвалту ў сваім жыцці, як нявесты, жонкі, маці, сёстры і бабулі”, - напісаў Папа. Ён дадаў, што найбольшыя нягоды жанчыны нясуць у бедных краінах. Тут ён назваў, між іншым, выкраданне з мэтай сексуальнай эксплуатацыі і прымусовыя шлюбы ў маладым узросце або супраць волі. “Часам яны пазбаўлены права на жыццё проста за тое, што з’яўляюцца жанчынамі”, - з болем адзначыў Францішак. 

Пантыфік нагадаў, што “пытанні, якія адносяцца да жыцця, непарыўна звязаны з сацыяльнымі выклікамі”. “Калі мы абараняем права на жыццё, мы робім гэта для таго, каб кожная жыццё – ад зачацця да яго натуральнага канца – магло быць жыццём годным, вольным ад бедстваў голаду і галечы, гвалту і пераследу”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа заклікаў удзельнікаў форума, каб іх праца адзначалася, перш за ўсё, прафесійнай кампетэнтнасцю і адданасцю, адсутнасцю карыслівасці або павярхоўнай актыўнасці. Жанчыны павінны прапанаваць свету сваю адчувальнасць, разуменне і дыялог. Гэта асабліва важна для ўрэгулявання вялікіх і малых канфліктаў, загойвання грамадскіх ран. Усё гэта, на думку Францішка, з’яўляецца часткай “жаночага генія”, у якім мае патрэбу сучаснае грамадства.

Міжнародная канферэнцыя па становішчы жанчын праходзіць у Рыме з 22 па 24 мая 2015 г. Яе арганізавала Папская рада “Iustitia et Pax” у супрацоўніцтве з Сусветным саюзам жаночых каталіцкіх арганізацый і Сусветным жаночым альянсам за жыццё і сям’ю.








All the contents on this site are copyrighted ©.