2015-05-21 12:34:00

Рэформа ватыканскіх фінансаў на стадыі завяршэння


Не было ўстаноў на мяжы банкруцтва, а змены ўжо пачаліся ў часы Бэнэдыкта XVI, сказала ў гутарцы з “Il Giornale” Франчэска Шаўкі, адзіная жанчына ў заснаванай 18 ліпеня 2013 г. Камісіі па вывучэнні рэформы эканамічна-адміністрацыйнай структуры Святога Пасаду. 33-гадовая італьянская эксперт патлумачыла, што новая структура ватыканскіх фінансавых інстытутаў амаль гатовая. Апошнім крокам стане замена Прэфектуры эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы рэвізійнай камісіяй.

Шаўкі абвергла чуткі, што сітуацыя была катастрафічнай. Яна запэўніла, што не было ніводнай установы на мяжы банкруцтва або нейкіх маштабных фінансавых злоўжыванняў. На яе думку, памылковымі таксама з’яўляюцца заявы аб нелегальных фондах. Было б больш дарэчы казаць аб пазабюджэтных фондах, аб якіх ведалі і Дзяржаўны Сакратарыят, і іншыя адпаведныя органы. Было вырашана, што яны будуць уключаны ў працэс агульнага бухгалтарскага ўліку. Памылковым таксама з’яецца сцвярджэнне, што рэформа ватыканскіх фінансавых інстытутаў пачалася падчас пантыфікату Францішка. Шаўкі нагадала, што старт зменам быў дадзены ўжо падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI.

Італьянская спецыялістка не адмаўляе, што ў працы Камісіі часам узнікалі напружанні, галоўнымі прычынамі якіх былі асабістыя сувязі і чуткі. У той жа час, яна падкрэсліла спецыфіку фінансаў Святога Пасаду, які не з’яўляецца нейкай кампаніяй, што імкнецца да збалансаванага бюджэту або вялікага прыбытку. Шаўкі дадала, што праца ў Камісіі для яе гонар і яна не атрымлівае за гэта ніякай узнагароды.








All the contents on this site are copyrighted ©.