2015-05-19 16:22:00

Турыстычны даведнік па Ватыкане на арабскай мове


Турыстычны даведнік па Ватыкане з’явіўся на арабскай мове. Яго падрыхтаваў былы Апостальскі нунцый у Турцыі і Аўстрыі арцыбіскуп Эдмон Фархат. Аўтар паходзіць з Лівану і такім чынам вырашыў дапамагчы арабамоўным турыстам бліжэй пазнаёміцца з архітэктурнай, мастацкай і гістарычнай спадчынай самай маленькай дзяржавы ў свеце.

Даведнік быў апублікаваны Ватыканскім выдавецтвам. Акрамя пазнавальнай турыстычнай інфармацыі ў ім утрымліваецца апісанне структуры Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан. Прэзентацыя кнігі адбудзецца 20 мая 2015 г. у Рыме.

Першы ў гісторыі турыстычны ватыканскі даведнік з’явіўся адносна нядаўна  – у лютым 2013 г. Яго падрыхтоўкай займалася група спецыялістаў у той ці іншай галіне мастацтва, архітэктуры ці гісторыі ландшафтаў, а выданнем  - Ватыканскае выдавецтва і адзін з сусветных лідэраў у сегменце турыстычнай літаратуры, міланскае выдавецтва “Jaca Book”. Даведнік прадаецца на шасці мовах: італьянскай, англійскай, французскай, нямецкай, іспанскай і рускай.








All the contents on this site are copyrighted ©.