2015-05-18 15:48:00

Францішак аб прыярытэтах працы Касцёла ў Італіі


18 мая 2015 г. Святы Айцец узначаліў цырымонію адкрыцця Генеральнай асамблеі Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Трохдзённае пасяджэнне прысвечана яго апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium” (Радасць Евангелля) і праходзіць у ватыканскай Зале Паўла VI. Падчас яго, між іншым, будзе абвешчаны спіс прадстаўнікоў італьянскага епіскапату на Сінод Біскупаў аб сям’і, які адбудзецца ў Ватыкане, у кастрычніку 2015 г.

Пантыфік падкрэсліў, што пасланне аб “радасці Евангелля” з’яўляецца актуальным, бо перад абліччам шырокага спектру сумных навін, хрысціянскае і біскупскае пакліканне заключаецца ў тым, каб “ісці супраць плыні”: нястомна суцяшаць і дапамагаць усім абцяжараным крыжамі. “Кепска, калі кансэкраваная асоба з’яўляецца прыгнечанай, дэматываванай і патухлай: яна як высахлая студня, у якой людзі не знаходзяць вады, каб уталіць прагу”, -  вобразна заўважыў Папа.

Сярод праблем, якія турбуюць Касцёл у Італіі сёння, Пантыфік у першую чаргу, звярнуў увагу на распаўсюджаную ў грамадстве "карупцыйную ментальнасць", якая прывяла да абяднення многіх сем’яў, пенсіянераў, сумленых працаўнікоў, хрысціянскіх супольнасцяў, выкідання на ўзбочыну жыцця моладзі і маргіналізацыі слабых і патрабуючых. Біскупы пакліканы бараніць народ Божы ад ідэалагічнай каланізацыі, якая пазбаўляе тоеснасці і чалавечай годнасці.

Паводле Францішка, у дакументах, якія прымаюцца, не павінны пераважаць тэарытычна-дактрынальныя аспекты, зразумелыя толькі малой колькасці навукоўцаў і спецыялістаў, але канкрэтныя і ясныя прапановы. Папа нагадаў, пра неад’емную ролю добра падрыхтаваных свецкіх вернікаў, пакліканых браць адказнасць у розных сферах: ад палітычнай да сацыяльнай, ад эканамічнай да заканадаўчай.

Францішак звярнуў увагу на важнасць калегіяльнасці і адзінства паміж біскупамі і святарамі, багатымі і беднымі дыяцэзіямі, перыферыяй і цэнтрам, епіскапатамі і Наступнікам св. Пятра. Пры абмеркаванні праграм і праектаў, не павінны панаваць адныя і тыя ж галасы, што “наркатызуе супольнасць”, уніфіцыруе рашэнні, меркаванні і асобаў, заўважыў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.