2015-05-18 11:42:00

Ватыкан і Андрэа Бачэлі – разам на карысць сям’і


Cусветна вядомы італьянскі спявак Андрэа Бачэлі дасць шэраг канцэртаў у розных катэдральных касцёлах свету, жадаючы такім чынам падтрымаць ватыканскую ініцыятыву на карысць інстытута сям’і. Праект мае на мэце нагадаць аб прыгажосці любові паміж мужчынам і жанчынай, сям’і і сямейных каштоўнасцях з дапамогай музыкі, катэхезы, мастацтва і тэалогіі. Яго назва: “Вялікая таямніца: Евангелле сям’і, як школы чалавечнасці для нашага часу”.

Пачнецца цыкл музычных мерапрыемстваў 28 мая 2015 года ў знакамінай Саграда Фамілія – барселонскім касцёле Святой Сям’і. Канцэрты будуць праходзіць таксама ў Філадэльфіі, з нагоды Сусветнай сустрэчы сем’яў, у Кракаве, Бэтлееме, многіх каталіцкіх і нават пратэстанскіх святынях, на гарадскіх плошчах іншых гарадоў свету.

Несці “добрую навіну аб сям’і” тэрмінова неабходна сучаснаму “індывідуалізаванаму і хвораму на самотнасць грамадству”, адзначыў падчас прэзентацыі падзеі ў Ватыкане старшыня Папскай рады па справах сям’і арцыбіскуп Вінчэнца Палья.

Прысутны на прэзентацыі праекту Андрэа Бачэлі падкрэсліў, што ганарыцца ўдзелам у ім. Ён падзяляе каштоўнасць сям’і, якая прыносіць шчасце шматлікім дзецям. Разам са славутым італьянскім тэнарам, у розных гарадах свету, з сакральным рэпертуарам будуць выступаць мясцовыя хоры і аркестры.








All the contents on this site are copyrighted ©.