2015-05-16 15:11:00

Беларусь: новая капліца ў густанаселеным раёне Мінска


Яшчэ адзін шлях да Бога – у беларускай сталіцы завяршаецца будаўніцтва новай капліцы. Для парафіі Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі яе з’яўленне – сапраўднае свята. Доўгі час, а парафія была заснавана амаль 8 гадоў таму, вернікі маліліся ў мясцовым ЖЭСе. Потым, калі ўлады горада выдзялілі кавалак зямлі, тут пачалі будаваць планы, а разам з імі – капліцу. Ствараюць яе прыкладна два гады, і хутка ў вернікаў мікрараёна Сухарава будзе сапраўднае, сакральнае месца для малітвы, падзялілася пачуццямі парафіянка Ірына Рубінава, якая з самага пачатку назірае стварэнне і развіццё парафіі. “7 год мы чакалі і будавалі гэтую капліцу, па цаглінке збіралі, па чалавечку збіралі. Таму мы сёння шчаслівыя, можна сказаць найшчаслівейшыя нават ва ўсім свеце”, - сказала мінчанка.

І насамрэч парафіянка не перавялічыла. Для людзей, усё жыццё якіх звазана з Каталіцкім Касцёлам, мець свой храм паблізку – вялікая справа. З прапановамі будаўніцтва хаця б капліцы ў густанаселеным Сухарава да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага звярталіся даўно, а зараз ён сам стаў сведкам новага этапа ў гісторыі адной парафіі. “Калі касцёлы будуюцца, гэта значыць, яны патрэбны людзям. Гэта значыць, людям патрэбны месцы для спаткання з Богам. А касцёл ці капліца – гэта месца, дзе людзі сустракаюцца з Богам. А значыць, што людзі сёння шукаюць Бога, нягледзячы на ўсе выклікі часу – секулярызм, релятывізм. Людзі задумваюцца над сэнсам жыцця і шукаюць Касцёл. Сёння ў Мінску чатыры касцёла і пяць капліц, гэта будзе шостая. І ўсяго десяць месцаў для сустрэчы з Богам”, - адзначыў іерарх.

Старажылы памятаюць, калі ў беларускай сталіцы не было ніводнага касцёла, яны былі закрытыя, аб гэтым таксама нагадаў Мітрапаліт. Таму стварэнне кожнай парафіі, кожнай капліцы сёння – падзея гістарычная. Тым больш, што ў парафіі Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі гэта толькі першая чарга будаўніцтва. У далейшых планах – яшчэ непасрэдна вялікі касцёл, са шматлікімі заламі – напрыклад, для канферэнцый, катэхізацыі. Праект – прыгожы, незвычайны і адначасова складаны – з-за перападу вышынь на мясцовасці. Але ж цяжкасцямі гэта не лічаць. Бо не параўнаць гэтыя, працоўныя моманты з часам пераследу рэлігіі ў ХХ стагоддзі і адраджэннем Каталіцкага Касцёла. Яшчэ 20 гадоў таму ці мог нехта ўявіць, што ў Мінску адначасова будуць будавацца пяць каталіцкіх храмаў? А зараз – менавіта так. І два-тры з іх будуць асвечаны яшчэ ў гэтым годзе.

Ларыса Абрамчук, Мінск.   








All the contents on this site are copyrighted ©.