2015-05-15 14:48:00

Францішак сустрэнецца з дзецьмі зняволеных у турмах


30 мая 2015 г. папа Францішак сустрэнецца з дзецьмі асобаў, якія адбываюць пакаранне ў турмах. Сустрэча арганізавана Папскай радай па культуры ў рамках праекту “Падворак язычнікаў”, мэта якога заключаецца ў наладжванні глыбокага дыялога і разумення паміж веруючымі і няверуючымі людзьмі. Маленькія ўдзельнікі спаткання прыбудуць у Ватыкан з Рыма, Чывітавек’і, Лаціны, Бары і Трані спецыяльным “Дзіцячым цягніком”, прадстаўленым Італьянскай чыгункай.

Падобныя сустрэчы Пантыфіка з дзецьмі, якія апынуліся ў складаных жыццёвых сітуацыях, праходзяць ужо на працягу трох апошніх гадоў. Сёлетняя ініцыятыва будзе прысвечана тэме “палёту”, таму што хоча даць дзецям, якія падзяляюць досвед турэмнай штодзённасці са сваімі маці або разлукі з імі, адзін дзень, каб “выляцець” і “уцячы” у марах ад той рэальнасці з якой вымушаны лічыцца.

Дзеці сустрэнуць папу Францішка з вялікай колькасцю надзіманых шароў, сімвалаў магчымага пераходу з турмы, дзе прабываюць маці, на свабоду – дзе знаходзяцца яны самі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.