2015-05-15 12:57:00

Некалькі тыдняў да выдання энцыклікі аб экалогіі


Папа Францішак выдасць энцыкліку на тэму экалогіі да пачатку летняга адпачынку, падкрэсліў кс. Фэдэрыка Ламбардзі ў інтэрв’ю амерыканскаму часопісу “National Catholic Register”. Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы абверг чуткі аб “дактрынальных праблемах”, якія нібыта мелі месца ў чарнавіку дакумента, прадстаўленым у Кангрэгацыю Веравучэння і маглі справакаваць адцягненне тэрміну яго выдання.

Кс. Ламбардзі распавёў, што “працэдуры падрыхтоўкі энцыклікі да публікацыі адбываюцца цалкам нармальна” і без затрымак. Тым больш канкрэтных датаў з’яўлення дакумента ніколі не называлася. Версіі, якія распаўсюджваліся некаторымі асобамі, грунтаваліся да плётках і домыслах, сцвердзіў езуіт.

Кіраўнік Залы Друку заўважыў, што тэкст энцыклікі ўжо перакладзены на розныя мовы і яе выданне адбудзецца праз некалькі тыдняў, “хутчэй за ўсё ў чэрвені”.








All the contents on this site are copyrighted ©.