2015-05-14 12:46:00

Папа прыняў арганізатараў канцэрту для бедных у Ватыкане


Папа Францішак сустрэўся з арганізатарамі і спонсарамі дабрачыннага канцэрту класічнай музыкі, які пройдзе 14 мая 2015 г. у ватыканскай Зале Паўла VI па ініцыятыве Апостальскай элемазінарыі, Папскіх радаў па культуры і па новай евангелізацыі і дабрачыннага фонду св. Мацвея.

“Музыка мае здольнасць аб’ядноўваць душы і яднаць нас у Пану”, - сказаў Пантыфік падчас сустрэчы. Ён выказаў перакананасць, што канцэрт дапаможа ўзняцца над “дзелавым матэрыялізмам, які заўсёды нас акружае і прыніжае, пазбаўляе радасці”.

Падчас канцэрту выступіць салернскі філарманічны аркестр “Джузэпэ Вердзі” і хор Рымскай дыяцэзіі пад кіраўніцтвам кс. Марка Фрызіны. Усе ганаровыя месцы падчас яго будуць займаць не кіраўнікі дзяржаў і арганізацый, як звычайна адбываецца падчас падобных падзей, але бедныя, бяздомныя і сем’і з перыферый Вечнага горада. Усім прысутным будзе прадстаўлена магчымасць дабраахвотна скласці ахвяраванні на дапамогу бедным.

“Гэты канцэрт пройдзе, каб пасеяць радасць. Не мімалётную забаўляльную весялосць, не! Семя застанецца ў душах усіх і прынясе шмат дабра ўсім”, - выказаў спадзяванне Папа і падзякаваў арганізатарам падзеі. Сустрэча прайшла 13 мая 2015 г., перад агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.








All the contents on this site are copyrighted ©.