2015-05-14 13:33:00

Кардынал: патрэбна эканоміка адкрытая на бедных


Міжнародная супольнасць павінна па-сапраўднаму дзейнічаць на карысць устойлівага развіцця, падкрэсліў 14 мая 2015 г. кардынал Пітэр Тарксан, выступаючы на Генеральнай асамблеі “Caritas Internationalis”. Форум праходзіць 12-17 мая ў Рыме. У сваёй прамове іерарх нагадаў аб маральным абавязку багатых краін спрыяць развіццю эканомік, адкрытых на патрэбы самых бедных. Касцёл, які з’яўляецца глыбока дасведчаным у справах чалавецтва, не спыняецца заклікаць да дзеянняў на карысць “справядлівасці і любові”, сказаў ён.

Старшыня Папскай рады “Iustitia et pax” звярнуў увагу на парадаксальную сітуацыю з перавытворчасцю прадуктаў харчавання ў свеце і адначасовым існаваннем амаль 800 млн. людзей, якія пакутуюць ад голаду. Яны складаюць амаль 10% насельніцтва планеты. Міжнародная супольнасць павінна пранікнуцца пытаннем ўстойлівага развіцця, у тым ліку ўлічваючы, як  кліматычныя змены і катаклізмы з імі звязаныя ўдараюць па самых бедных народах.

Кардынал Таран заклікаў пакінуць “ірацыянальнае захапленне валавым унутраным прадуктам” і назапашваннем рэсурсаў і супольна працаваць на карысць устойлівага развіцця і сістэмы, якая злучыць эканомікі з сацыяльнай інтэграцыяй і абаронай навакольнага асяроддзя.

Пурпурат нагадаў пра важнасць этычнага фундаменту, маральнага навяртання і змены сэрцаў, без якіх законы і палітычныя рашэнні будуць бясплённымі. Там, дзе пануе эгаізм і індывідуалізм не можа быць устойлівага развіцця, якое патрабуе фундаментальнай адкрытасці на адносіны, справядлівасці, адказнасці і салідарнасці. “Грамадзяне самых багатых краін павінны стаць побач з беднымі, як у сваёй дзяржаве, так і за мяжой”, - сказаў ватыканскі іерарх.

Кардынал Тарксан нагадаў пра важнасць аховы навакольнага асяроддзя і абмежавання шкодных выкідаў, якія ўплываюць на кліматычныя змены.








All the contents on this site are copyrighted ©.