2015-05-14 12:06:00

Еўрапейскія біскупы разважаюць пра адносіны з ісламам


Дыялог з мусульманамі неабходны як ніколі раней, адзначыў кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу на сустрэчы з біскупамі і дэлегатамі еўрапейскіх епіскапатаў адказнымі за адносіны з вызнаўцамі іслама. Яна праходзіць 13-15 мая 2015 г. у швейцарскім Сэн-Марысе.

Аргументуючы сваю пазіцыю аб важнасці дыялогу з мусульманамі, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы падкрэсліў, што іх пераважная большасць не атаясамлівае сябе з варварскімі актамі, што здзейсняюцца ў імя іх рэлігіі. Акрамя таго, “працяг дыялогу, нават у кантэксце пераследу – на думку кардынала Тарана, – можа быць знакам надзеі”.

Ватыканскі іерарх нагадаў, што існуе шэраг феноменаў, якія аказалі ўплыў на стварэнне негатыўнага вобразу іслама: масавая нелегальная міграцыя мусульман у Еўропу; з’яўленне джыхадзістаў-еўрапейцаў; выкарыстанне некаторымі мусульманамі рэлігіі для апраўдання насілля. Усё гэта спрыяе таму, што “сёння ў Еўропе пануе страх перад ісламам”, а рэлігія атаясамліваецца з насіллем.

У той жа час кардынал Таран спытаў, ці не стала Еўропа “гасціннай зямлёй для фундаменталісцкіх рухаў”, якія выхоўваюць маладых мусульман, спрыяюць іх закрытасці ва ўласнай супольнасці і ігнараванню з боку знешняга свету?

Пурпурат падкрэсліў таксама і некаторыя станоўчыя тэндэнцыі, як напрыклад пашырэнне сярод еўрапейскіх мусульман перакананасці ў неабходнасці ўжывання крытэрыяў герменэўтыкі да Карану; заява іранскага ісламскага лідэра аб адсутнасці супярэчання паміж розумам і верай; пераклад на мову фарсі Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.

Кардынал Таран звярнуў увагу на тое, што адказнымі за выкараненне ісламафобіі ў Еўропе павінны стаць, у першую чаргу, менавіта мясцовыя мусульманскія супольнасці. Яны павінны супрацьстаяць экстрэмістам і тэрарыстам, што спрабуюць апраўдаць свае дзеянні рэлігійнымі перакананнямі, падкрэсліў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.