2015-05-14 10:55:00

Дыпламат пра змест ватыканска-палестынскай дамовы


Ватыканска-палестынскае пагадненне, тэкст якога быў падрыхтаваны двухбаковай камісіяй Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Палестына, паклікана садзейнічаць жыццю і дзейнасці Каталіцкага Касцёла на палестынскіх тэрыторыях, а таксама яго прызнанню на прававым узроўні, дзеля больш эфектыўнага служэння ўсяму грамадству. Пра гэта распавёў “L’Osservatore Romano” падсакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі і кіраўнік ватыканскай дэлегацыі, якая прымала ўдзел у працы двухбаковай камісіі кс. Антуан Камілеры.

Дыпламат падзяліўся, што ў першай главе дакумента гаворка ідзе пра прынцыпы і фундаментальныя нормы, якімі вызначаюцца межы супрацоўніцтва паміж бакамі. Тут таксама ўтрымліваецца пажаданне аб вырашэнні палестынскай сітуацыі і канфлікту паміж ізраільцянамі і палестынцамі ў рамках пагаднення паміж дзвюма дзяржавамі і на падставе рэзалюцыі міжнароднай супольнасці.

У другой главе, дастаткова глыбока і дэтальна распрацаванай, гаворыцца пра важнасць свабоды веравызнання і сумлення. Іншыя артыкулы тычацца розных аспектаў жыцця і дзейнасці Касцёла на палестынскіх тэрыторыях: свабоды яго працы, персанала і юрысдыкцыі, статуса, месцаў культу, сацыяльнай і дабрачыннай працы, СМІ. Асобны артыкул закранае пытанні падаткаў і ўласнасці.

Аб гатоўнасці ватыканска-палестынскага пагаднення было абвешчана 13 мая 2015 г., на заканчэнне пасяджэння двухбаковай камісіі Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Палестына. Яна вяла сваю працу з 1994 г. калі былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж бакамі. Першым вынікам дзейнасці камісіі стала падпісанне ў 2000 г. Базавага пагаднення. З 2010 г. працягваліся перамовы аб тэксце Усебаковага пагаднення, якія на сённяшні дзень можна лічыць скончанымі. Дакумент будзе прадстаўлены ў адпаведныя органы для зацвярджэння і вызначэння ў найбліжэйшай будучыні даты яго падпісання. 








All the contents on this site are copyrighted ©.