2015-05-13 11:49:00

Францішак пра тры галоўныя словы ў сямейным жыцці


Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 13 мая 2015 г. папа Францішак звярнуўся да вернікаў з катэхезай, якую назваў “уваходнымі дзвярыма” у серыю разважанняў аб рэальным жыцці сям’і. На гэтых дзвярах напісаны тры словы: “дазволь”, “дзякуй” і “прабач”, вобразна заўважыў Пантыфік і дадаў, што яны “па-сапраўднаму адкрываюць шлях да добрага сямейнага жыцця” – з’яўляюцца простымі, але ў той жа час нялёгкімі на практыцы. Гэтыя словы заключаюць у сабе вялікую сілу, якая дазваляе захаваць сям’ю перад тысячамі выпрабаванняў і цяжкасцяў, а іх адсутнасць паступова адкрывае расколіны, якія могуць прывесці нават да разлому, перакананы Францішак.

Папа заўважыў, што ўзгаданыя тры словы на вуснах любога чалавека сведчаць аб яго добрым выхаванні. У той жа час, Пантыфік падкрэсліў, што гаворка ідзе не пра фармальныя манеры, за якімі можа хавацца душэўная чэрствасць і абыякавасць да іншага, а пра “стыль добрых адносін, моцна ўкаранёны ў любові да дабра і ў павазе да іншага”.

У першую чаргу, Францішак пахіліўся над важнасцю выкарыстання ў сям’і ветлівага звароту “дазволь”. “Уваход у жыццё іншага чалавека, нават калі ён з’яўляецца часткай нашага жыцця, патрабуе далікатнасці неагрэсіўных паводзінаў, якія абнаўляюць давер і павагу. Сямейная блізкасць не дае права глядзець на ўсё, як на данасць. Любоў, чым больш з’яўляецца блізкай і глыбокай, тым больш патрабуе павагі да свабоды і здольнасці чакаць, пакуль іншы адкрые дзверы свайго сэрца. У сувязі з гэтым трэба ўзгадаць словы Езуса з кнігі Апакаліпсіса: “Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною” (3, 20). Нават Пан просіць дазволу, каб увайсці! Не будзем забывацца пра гэта”, - заклікаў Папа.

Гаворачы пра важнасць удзячнасці, Святы Айцец заўважыў, што ў сучасным грамадстве яна часта лічыцца праяўленнем слабасці і нават выклікае недавер. “Гэтай тэндэнцыі трэба супрацьстаяць непасрэдна ў лоне сям’і. Мы павінны стаць прынцыповымі ў выхаванні да ўдзячнасці, якую прасякаюць годнасць асобы і сацыяльная справядлівасць. Калі гэты стыль забываецца ў сямейным жыцці, таксама і грамадства яго згубіць. Акрамя таго, удзячнасць для верніка знаходзіцца ў самым сэрцы веры: хрысціянін, няздольны дзякаваць, гэта той, які забыўся Божую мову. (...) Узгадаем пра пытанне Езуса, калі аздаравіў дзесяць пракажонных і толькі адзін з іх вярнуўся, каб падзякаваць Яму (пар. Лк 17,18)”, - звярнуў увагу Папа.

Слова “прабач” з’яўляецца складаным, але неабходным – калі яно адсутнічае, маленькія расколіны пашыраюцца і могуць стаць глыбокімі прорвамі, сказаў Пантыфік. Недарэмна пра важнасць прабачэння ідзе гаворка нават у малітве “Ойча наш”, якой навучыў Езус. “Прызнанне таго, што мы не аказалі належнай павагі, шчырасці і любові і жаданне вярнуць тое, што было забрана, робіць так, што мы самі становімся годнымі прабачэння. Такім чынам інфекцыя стрымліваецца. Калі мы няздольныя прасіць аб прабачэнні, гэта значыць, што мы няздольныя і прабачаць. У доме, дзе не выбачаюцца пачынае не хапаць паветра, вада становіцца застаялай. Шматлікія параненыя пачуцці, многія сямейныя канфлікты пачынаюцца са згубы гэтых каштоўных слоў: “Прабач мяне”, - сказаў Папа.  

Напрыканцы катэхезы Францішак пажадаў, каб тры каштоўныя выразы: “дазволь”, “дзякуй” і “прабач”, з Божай дапамогай занялі належнае месца ў сэрцах людзей, іх дамах, а таксама ў сферы грамадскіх адносін.








All the contents on this site are copyrighted ©.