2015-05-13 13:21:00

Прадстаўнік Беларусі на міжнароднай біскупскай сустрэчы


Да сістэматычнай фармацыі сужэнстваў і сем’яў не толькі перад шлюбам, але на працягу ўсяго жыцця звярнуліся да святароў, сямейных рухаў і хрысціянскіх сем’яў прадстаўнікі біскупскіх канферэнцый краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: Славакіі, Венгрыі, Харватыі, Польшчы, Беларусі, Літвы, Чэхіі і Украіны. Іх сустрэча прайшла 11-12 мая 2015 г. у Браціславе. У той жа час было выказана пажаданне, каб “вучэнне Касцёла аб сужэнстве і сям’і, і ў прыватнасці, уклад св. Яна Паўла II у яго, было вядома і прынята”.

З гэтымі прапановамі дэлегаты епіскапатаў гэтых краін паедуць на кастрычніцкі Сінод Біскупаў у Ватыкан. Удзельнікі сустрэчы ў сталіцы Славакіі запэўнілі ў малітвах у сваіх мясцовых Касцёлах, каб сінадальныя пасяджэнні “унеслі новае святло ў душпастырства сем’яў”.

Беларусь на форуме прадстаўляў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Ён выступіў з дакладам на тэму “Сітуацыя сям’і ў Беларусі” і распавёў пра дзейнасць беларускай дзяржавы на карысць сям’і ў апошнія гады, якую падтрымлівае Касцёл, паведамляе catholic.by. Іерарх нагадаў, што дзяржава выкарыстоўвае розныя метады павышэння паказальніку нараджальнасці, напрыклад, актыўна падтрымлівае шматдзетныя сем’і. Біскуп адзначыў таксама, што Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква ў Беларусі прапанавалі дзяржаве сваю дапамогу ва ўмацаванні духоўнага і маральнага фундаменту сям’і, у адраджэнні сямейных каштоўнасцяў, абароне мацярынства і найслабейшых.

Прадстаўнік каталіцкага епіскапату Беларусі азнаёміў удзельнікаў канферэнцыі з дзейнасцю Касцёла на карысць сям’і ў Беларусі. Тут гаворка ідзе, між іншым, аб адукацыі сямейных дарадчыкаў, публічныя акцыі ў абарону жыцця, пашырэнне прасямейных рухаў, арганізацыю навуковых канферэнцый на тэму сям’і, адукацыйна-выхаваўчую працу ў школах, падрыхтоўку нарачоных да сужэнства.

Іерарх нагадаў, што на карысць сем’яў, якія знаходзяцца ў патрэбе, асабліва шматдзетных, у кожнай дыяцэзіі дзейнічае дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”.








All the contents on this site are copyrighted ©.