2015-05-12 15:36:00

Папа прыняў Нобелеўскага лаўрэата прэміі міру


Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 1980 г. аргентынскага праваабаронцу Адольфа Перэса Эсківэля. Аўдыенцыя прайшла 11 мая 2015 г. у Ватыкане. Падчас яе абмяркоўваліся праблемы навакольнага асяроддзя і будучая энцыкліка Пантыфіка на гэту тэму, сітуацыя карэнных народаў Лацінскай Амерыкі, сістэматызаванае знішчэнне армянскага насельніцтва ў Асманскай імперыі і народнасці тутсі ў Руандзе, некаторыя іншыя пытанні. “Францішак можа дапамагчы ўзаемаразуменню паміж народамі, каб вырашыць іх канфлікты, абяззброіць ваяўнічыя сумленні”, - сказаў праваабаронца пасля сустрэчы.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру выказаў удзячнасць Францішку за рашэнне здзейсніць беатыфікацыю арцыбіскупа Сан-Сальвадора Оскара Арнульфа Рамэра-і-Гальдамеса, забітага ў 1980 г., а таксама за фундаментальную ролю, якую ватыканская дыпламатыя адыграла ў працэсе збліжэння паміж Кубай і ЗША.

Адольфа Перэс Эсківэль – пісьменнік, скульптар і актыўны змагар за мір паміж народамі. У перыяд панавання вайсковай дыктатуры ў Аргентыне, у 1977 г., ён быў арыштаваны за сваю праваабарончую дзейнасць і кінуты ў турму, дзе правёў каля чатырнаццаці месяцаў. Адольфа Эсківэль сустракаўся з Францішкам у сакавіку 2013 г., хутка пасля яго абрання на Пасад св. Пятра.








All the contents on this site are copyrighted ©.