2015-05-12 14:34:00

Кардынал: Сінод не зменіць вучэння Касцёла


Кардынал Джордж Пэл мяркуе, што наступны Сінод Біскупаў на тэму сям’і моцна пацвердзіць традыцыйнае вучэнне Касцёла аб становішчы разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, і аб умовах, пры якіх яны могуць прыступаць да св. Камуніі. Іерарх, блізкі супрацоўнік Папы, які даручыў яму рэформу ватыканскіх фінансаў і ўвёў у склад Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам.

Сваімі чаканнямі ў адносінах да Сінода кардынал Пэл падзяліўся падчас міжнароднага форуму аб сям’і, які прайшоў у мінулыя дні ў Рыме. Ён нагадаў, што Хрыстус вельмі ясна выказаўся пра развод, а св. Павел пра ўмовы прыняцця св. Камуніі. Таму ад Сінадальных Айцоў ён не чакае нейкіх адхіленняў ад гэтага вучэння.

У сваёй прамове іерарх сканцэнтраваўся на ролі бацькоў у выхаванні дзяцей. Як ён затым распавёў Ватыканскаму радыё, сёння іх задача асабліва цяжкая, таму што яны супрацьстаяць велізарнай сіле секулярызацыі. У наш час значна цяжэй стала пераказваць хрысціянскае ўяўленне сям’і. “Варожыя жыццю сілы секулярызацыі маюць доступ да вялікіх грошай, выкарыстоўваюць іх прафесійным чынам, умеюць перадаваць сваё меркаванне вельмі кампетэнтна і прывабна. І таму аказваюць моцны ўплыў на наш свет, асабліва на моладзь”, - сказаў іерарх аўстралійскага паходжання падчас інтэрв’ю.

Кардынал Пэл адзначыў, што бацькі ў выхаванні дзяцей маюць сёння моцную канкурэнцыю, таксама і ў постаці сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку сацыяльных медыя. Яны павінны ўсведамляць гэты выклік.








All the contents on this site are copyrighted ©.