2015-05-11 10:05:00

У Беларусі пабудаваны першы касцёл св. Яна Паўла II


15 мая 2015 г. у Баранавічах запланавана ўрачыстае асвячэнне і адкрыццё новага каталіцкага храма, названага ў гонар св. Яна Паўла II. Узначаліць урачыстасці Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Гэты касцёл – першы ў Беларусі названы імем святога Пантыфіка, кананізаванага 27 красавіка 2014 г. Неўзабаве пасля гэтай падзеі, 31 мая 2014 г., у Баранавічах асвяцілі пляцоўку пад будаўніцтва невялікай святыні, якую ўзвялі практычна за год. Яна знаходзіцца ў новым мікрараёне Бараўкі, дзе актыўна працягваецца будоўля шматпавярховых дамоў і аб’ектаў інфраструктуры.

Атрыманы пляц з’яўляўся сельскагаспадарчай тэрыторыяй, таму падрыхтоўка дакументаў доўжылася каля двух гадоў. Будаваць святыню было цяжка, бо зямля тут балоцістая, але ўрэшце ўсё атрымалася. Нялёгкай была і праца па фарміраванню парафіі – абыходзілі пакватэрна новабудоўлі і шукалі католікаў, бо хацелі, каб новы касцёл быў пабудаваны не толькі з цэглы, але і з чалавечых сэрцаў. Яго ўзводзілі не толькі на ахвяраванні парафіянаў – далучаліся вернікі з усёй дыяцэзіі і іншых рэгіёнаў Беларусі, распавёў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё пробашч парафіі кс. Віталь Міснікевіч.

“Праводзілі розныя акцыі. Калі хтосьці ахвяраваў на будоўлю святыні, атрымоўваў сімвалічную цэглу. Дзякуем добраму Богу за тое, што ў нас атрымалася пабудаваць святыню. Вялікай радасцю з’яўляецца і тое, што мы атрымалі з рук былога сакратара папы Яна Паўла ІІ, арцыбіскупа Кракаўскага кардынала Станіслава Дзівіша капсулу з крывёй святога Яна Паўла II”, - адзначыў пробашч.

У свой час кардынал Казімір Свёнтэк прыкладаў намаганні да таго, каб папа Ян Павел II прыбыў у Беларусь. Хоць гэта і не атрымалася, на беларускай зямлі цяпер прысутнічае кроў святога і касцёл у ягоны гонар. Вернікі маюць надзею ў заступніцтве святога і яго духоўнай прысутнасці пасярод іх.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.