2015-05-10 13:33:00

Папа перад „Regina coeli” пра рысы хрысціянскай любові


Пра якасці і рысы хрысціянскай любові казаў папа Францішак 10 мая 2015 г. падчас сваіх разважанняў перад паўднёвай малітвай „Regina coeli” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Любоў магчыма, нягледзячы на адрозненні поглядаў і характараў. Сам Хрыстус вучыў нас выяўляць яе праз жэсты блізкасці да іншых, заўважыў Пантыфік.

“Сённяшняе Евангелле з 15 разделу паводле св. Яна пераносіць нас у Вячэрнік, дзе мы чуем новую запаведзь Езуса: “Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас” (Ян 9, 12). А думаючы пра блізкую ўжо ахвяру Крыжа Ён дадаў: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам” (Ян 9, 13-14). - нагадаў Папа, - Гэтыя словы, сказаныя на Апошняй Вячэры, абагульняюць усё пасланне Езуса. Больш за тое, яны падсумоўваюць усё, што Ён зрабіў: Езус аддаў сваё жыццё за сяброў сваіх. Сяброў, якія не разумелі Яго, якія ў вырашальны момант пакінулі, здрадзілі і адракліся ад Яго. Гэта ўсё кажа нам аб тым, што Ён любіць нас, хоць мы і не вартыя яго любові. Так моцна Езус любіць нас.

Такім чынам, Езус паказвае нам шлях да Яго наследавання, шлях любові. Яго загад – гэта не простая запаведзь, якая заўсёды застаецца нечым знешнім па адносінах да жыцця. Запаведзь Хрыста з’яўляецца новай, таму што Ён быў першым, хто яе рэалізаваў, увасобіў яе. Такім чынам, закон любові назаўжды ўпісаны ў сэрца чалавека (пар. Ер 31, 33). Як ён ўпісаны? Агнём Святога Духа. І з тым жа Духам, якога Езус дае нам, таксама і мы можам ісці па гэтым шляху!

Гэта канкрэтная дарога, якая вядзе нас да выйсця за рамкі саміх сябе, каб ісці да іншых. Езус паказаў нам, што Божая любоў рэалізуецца ў любові да бліжняга. Яны звязаны адна з адной. Старонкі Евангелля напоўнены гэтай любоўю: дзеці і дарослыя, адукаваныя і непісменныя, бедныя і багатыя, праведныя і грэшнікі былі дапушчаны ў сэрца Хрыста.

Такім чынам, Слова Пана заклікае нас любіць адзін аднаго, хоць і не заўсёды разумеем адно аднаго, не заўсёды згодныя адзін з адным... Але менавіта ў такіх сітуацыях заўважная хрысціянская любоў, любоў, якая выяўляецца таксама і там, дзе ёсць розніца поглядаў або характараў, таму што любоў большая за гэтыя адрозненні. Гэта любоў, якой навучыў нас Езус. Гэта новая любоў, абноўленая Езусам і Яго Духам. Гэта любоў адкупленая, вызваленая ад эгаізму. Любоў, якая прыносіць радасць у нашыя сэрцы, як сам Езус кажа: “Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай” (Ян 9, 11).

І гэта любоў Хрыста, якую Святы Дух вылівае ў нашы сэрцы, каб мы здзяйснялі цудоўныя знакі ў Касцёле і ў свеце. Ёсць шмат дробных і буйных учынкаў, якія выражаюць паслухмянасць запаведзі Пана: “Каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас” (Ян 15, 12). Маленькія паўсядзённыя жэсты, жэсты блізкасць да пажылога чалавека, дзіцяці, хворага, самотнага ці перажываючага цяжкасці, бяздомнага, безпрацоўнага, эмігранта, бежанца... Дзякуючы моцы Слова Хрыста, кожны з нас можа стаць бліжнім сустрэтых брата і сястры, праз жэсты салідарнасці і блізкасці. У гэтых жэстах выражаецца любоў, якой Хрыстус вучыў нас.

Няхай у гэтым нам дапаможа наша Найсвяцейшая Маці, каб у паўсядзённым жыцці кожнага з нас любоў да Бога і любоў да бліжняга была заўсёды спалучана”, - сказаў Святы Айцец.

Пасля велікоднай марыйнай малітвы Папа нагадаў, што ў некаторых краінах сёння адзначаецца Дзень маці. Ён павіншаваў усіх мам г гэтым святам і падзякаваў ім за іх місію.








All the contents on this site are copyrighted ©.