2015-05-09 14:05:00

Беларусь: развеяць міфы і стэрэатыпы аб сексуальнасці


Міфы і стэрэатыпы адносна чалавечай сексуальнасці хочуць развеяць у Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах. Тут 30 мая 2015 г. пройдзе навукова-практычны сімпозіум “Сексуальнасць: ад Бібліі да псіхалогіі”. На яго запрошаны спецыялісты па гэтай праблематыцы, святары і свецкія вернікі, тэолагі і псіхолагі, а спектр тэм самы шырокі: ад біблійных падстаў сексуальнасці да ідэалогіі гендэр. У рамках форуму пройдзе нават майстар-клас пад назвай “Прыгожае сексуальнае танга”.
    
Як распавёў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё дырэктар Катэхетычнага каледжа кс. Андрэй Рылка, ідэя правядзення сімпозіума ўзнікла сярод студэнтаў - сямейных кансультантаў. Бо падчас сваіх практык і заняткаў яны заўважылі, што ў Беларусі прысутнічае дэфіцыт інфармацыі аб хрысціянскім бачанні сексуальнай сферы ў сужэнскім жыцці, стаўленні да яе моладзі.

“Гэтая тэма ў нас застаецца даволі закрытай, акрамя таго, ёсць шмат стэрэатыпаў аб хрысціянскім бачанні сексуальнасці. А, як ведаем, альтэрнатыўнай інфармацыі, вульгарнай на тэму сексуальнасці вельмі шмат. Таму каб неяк запоўніць гэтую нішу, дапамагчы развеяць пэўныя міфы, зняць стэрэатыпы, даць канкрэтныя практычныя адказы на хвалюючыя пытанні, мы запрасілі на сімпозіум беларускіх спецыялістаў, якія займаюцца гэтай праблематыкай, маюць добрую практыку, тэарэтычную падрыхтоўку і працуюць у нашых умовах. Яны добра ведаюць беларускую сям’ю, праблему нашых хрысціянаў. Таксама будзе тэма, звязаная з сексуальнасцю духавенства, бо і тут існуюць, домыслы, дзіўныя ўяўленні аб тым, як перажывае сваю сексуальнасць духоўная асоба, жывучы ў цэлібаце. Што значыць для душпастыра жыць у сексуальнай чысціні? Гэта таксама важна ў кантэксце працы духавенства з сем’ямі”, - пракаментаваў кс. Андрэй Рылка.

Арганізатары спадзяюцца, што сімпозіум стане вельмі цікавым мерапрыемствам, якое дапаможа больш пазнаёміцца з усімі хвалюючымі пытаннямі на тэму сексуальнасці.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія








All the contents on this site are copyrighted ©.