2015-05-08 15:05:00

Папа сустрэўся з італьянскімі тэнісістамі


Аб выхаваўчым патэнцыяле спорту казаў папа Францішак 8 мая 2015 г. падчас сустрэчы з членамі Італьянскай федэрацыі тэнісу, якіх прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI. На сустрэчу са Святым Айцом прыбылі каля 7 тыс. членаў аб’яднання, сярод якіх было шмат дзяцей.

Паводле Пантыфіка, існуюць тры стаўпы добрага развіцця дзяцей і моладзі: выхаванне – школьнае і сямейнае, спорт і праца. Калі ўсе яны прысутнічаюць, тады можна казаць пра існаванне умоў для развіцця поўнага і сапраўднага жыцця дзіцяці і пазбягання залежнасцяў, якія могуць яго знічшыць.

“Касцёл цікавіцца спортам, таму што яму дарагі чалавек – ва ўсё яго поўні”, - падкрэсліў Святы Айцец. Касцёл прызнае, што спартыўная дзейнасць аказвае ўплыў на фарміраванне асобы, адносіны, духоўнасць. “Вы – спартсмены маеце місію: быць, для тых, хто вамі захапляецца, сапраўдным прыкладам да пераймання. А таксама вы – кіраўнікі, трэнеры, служачыя сферы спорту, пакліканы даваць добрае сведчанне чалавечых каштоўнасцяў, быць настаўнікамі такой спартыўная дзейнасці, у якой увесь час прысутнічае павага і празрыстасць”, - сказаў Папа.

Дасягненне высокіх вынікаў у тэнісе не павінна адбывацца на “кароткім шляху”, адзначыў Францішак, маючы на ўвазе ўжыванне допінгу. Ён дадаў, што перамога, якая дасягаецца з дапамогай парушэння правілаў ці падману – “брудная і бясплённая”. Пантыфік заклікаў спартсменаў ставіць свае таленты на службу сустрэчы паміж людзьмі, сяброўству, адкрытасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.