2015-05-08 14:16:00

Пантыфік пра важнасць дыялогу падчас канфліктаў


Святы Дух стварае ў Касцёле рух, які на першы погляд можа здавацца “хаосам”, але калі прымаецца ў духу малітвы і дыялогу, стварае адзінства паміж хрысціянамі, адзаначыў папа Францішак 8 мая 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Св. Імшу Пантыфік цэлебраваў у інтэнцыі Аргентыны, з нагоды ўспаміну Маці Божай з Лухан, апякункі яго роднай краіны.

У сваёй гаміліі Папа пахіліўся над літургічным чытаннем аб першым Ерузалемскім Саборы, падчас якога абмяркоўваліся нормы адносна асоб, якія нядаўна прынялі Евангелле. Праблема заключалася ў тым, што ў хрысціянскай супольнасці ўзнік канфлікт паміж групай вернікаў “занадта прывязаных да літары закона” і апосталам Паўлам – праціўнікам гэтага, нагадаў Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што непаразуменні былі вырашаны просты чынам: абодва бакі сабраліся разам і кожны свабодна выказаў сваё меркаванне. “Дыскутавалі як браты, а не як ворагі. Не плялі інтрыгаў звонку, каб перамагчы, не ішлі да грамадзянскіх уладаў, каб перамагчы, не забівалі, каб перамагчы. Шукалі шляху малітвы і дыялогу”, - сказаў Папа і дадаў, што дасягнутая імі згода была справай Святога Духа.

На думку Францішка, Святы Дух амаль не прысутнічае ў супольнасцях, у якіх ніколі не ўзнікае спрэчных сітуацый, а таксама ў тых, дзе існуюць толькі інтрыгі, сваркі і здрада. Святы Дух узварушвае сітуацыі, каб яны развіваліся, але напрыканцы стварае гарманічнае адзінства паміж усімі, падкрэсліў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.