2015-05-08 16:12:00

Візіт Папы ў Лацінскую Амерыку: больш за 30 сустрэч


Больш за 30 мерапрыемстваў чакаюць папу Францішка падчас яго 9-дзённага візіту ў тры лацінаамерыканскія краіны. 5-13 ліпеня 2015 г. ён наведае Эквадор, Балівію і Парагвай. 8 мая 2015 г. у Ватыкане была абнародавана афіцыйная праграма папскай пілігрымкі. Сімвалічна, што першай стане св. Імша ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў эквадорскім Гуаякіль, куды Пантыфік прыляціць раніцай 6 ліпеня з Кіта (сюды Францішак прыбудзе з Рыму 5 ліпеня ўвечары). Адразу пасля вяртання ў сталіцу Эквадора адбудзецца візіт да Прэзідэнта краіны Рафаэля Карэа. Позна вечарам Святы Айцец наведае мясцовую катэдру. На наступны дзень – 7 ліпеня – правядзе тры сустрэчы: з мясцовым епіскапатам, школьнікамі, студэнтамі і выкладчыкамі, грамадскасцю краіны, а таксама ўзначаліць шматтысячную св. Імшу на адкрытым паветры. 8 ліпеня, перад тым, як адправіцца ў Балівію, Папа сустрэнецца з духавенствам, законнікамі і семінарыстамі ў размешчаным у прыгарадзе Кіта марыйным санктуарыі.

Візіт у Шматнацыянальнай Дзяржаве Балівія распачнецца з наведання Ла-Пас і сустрэч з мясцовым Прэзідэнтам Эва Маралесам і ўладамі краіны. 9 ліпеня Пантыфік правядзе ў Санта-Крус-дэ-ла-Сьера, дзе ўзначаліць Эўхарыстыю з масавым удзелам вернікаў, спаткаецца з духавенствам і прыме ўдзел у II Сусветнай сустрэчы народных рухаў. Свой візіт у Балівіі Папа завершыць 10 ліпеня сустрэчай з мясцовым епіскапатам. 

У той жа дзень ён адправіцца ў Парагвай. Яго візіт у краіне абмяжуецца да сталіцы – горада Асунсьён. Пасля прылёту ён спачатку спаткаецца з Прэзідэнтам краіны Фернанда Луга, а затым з мясцовымі ўладамі і дыпкорпусам. 11 ліпеня Францішак узначаліць св. Імшу, наведае педыятрычны шпіталь, сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадскасці, адправіць Нешпары з удзелам духавенства, законнікаў, семінарыстаў і членаў каталіцкіх рухаў.

12 ліпеня Пантыфік распачне з сустрэчы з жыхарамі раёну Баньяда Нотрэ, якія пастаянна церпяць ад паводак.  Затым ён правядзе шматтысячную св. Імшу, пасля якой спаткаецца з парагвайскім епіскапатам. Апошнім пунктам лацінаамерыканскага падарожжа Францішка стане яго сустрэча з мясцовай моладдзю. У той жа дзень вечарам ён адправіцца ў Рым, куды прыбудзе ўжо 13 ліпеня.








All the contents on this site are copyrighted ©.