2015-05-07 12:46:00

Святы Айцец прыняў спартсменаў і балельшчыкаў


7 мая 2015 г. папа Францішак сустрэўся з членамі cпартыўнага таварыства “Lazio”, з нагоды 115-годдзя яго заснавання. На аўдыенцыю ў Ватыкан прыбылі некалькі тысяч членаў і кіраўнікоў асацыяцыі, спартсменаў і балельшчыкаў.

Пантыфік нагадаў, што на пачатку ХХ ст. спартыўная дзейнасць была прэрагатывай багатых людзей, а заснавальнікі таварыстыва “Lazio” паставілі сабе за мэту папулярызаваць спорт сярод усіх слаёў насельніцтва.

Францішак заклікаў іх пераемнікаў быць адкрытымі на самыя розныя таленты людзей. “У Італіі, як і ў Аргентыне, існуе рызыка казаць толькі аб футболе і пакідаць у цяні іншыя віды спорту. Аднак, кожная спартыўная дысцыпліна мае сваю каштоўнасць, не толькі фізічную або сацыяльную, але таксама і маральную, паколькі дае магчымасць людзям, асабліва дзецям і моладзі, развівацца ў раўнавазе, самакантролі, ахвярнасці і павазе да іншых”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў біблійнае навучанне аб тым, што чалавек з’яўляецца адзінствам духа і цела. У сувязі з гэтым, ён заахвоціў членаў таварыства, займаючыся спортам, не забывацца пра рэлігійнае і маральнае вымярэнні. Па прычыне ўдзелу ў спаборніцтвах дзеці не павінны прапускаць Эўхарыстыю або катэхізацыю, што можа быць сведчаннем парушэння шкалы каштоўнасцяў, звярнуў увагу Папа. Адначасова нельга забывацца пра вучобу, сяброў і служэнне бедным. “Дзякуй Богу, мы маем цудоўныя прыклады спартсменаў і спартсменак, нават вялікіх чампіёнаў, якія не перасталі жыць верай і служэннем бліжнім”, - сказаў Папа і дадаў, што сапраўдны спорт дапамагае ў будаванні больш братэрскага і салідарнага свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.