2015-05-07 11:51:00

Папа аб крытэрыях сапраўднай любові


На крытэрыі сапраўднай любові звярнуў увагу папа Францішак у сваёй гаміліі 7 мая 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Яе трэба выказваць канкрэтным чынам і сведчыць іншым, нагадаў ён. У евангельскім урыўку, які прагучаў падчас літургіі, Езус просіць “заставацца” у Яго любові. Гэтыя словы натхнілі Святога Айца да вызначэння прыкмет, якія дазваляюць адрозніць сапраўдную любоў ад яе падробак.

Першая з іх – гэта канкрэтыка. Любоў трэба даказваць на справах, а не на словах. Езус сам казаў, што ў Валадарства Божае трапляюць не тыя, хто пастаянна кажа: “Пане, Пане”, але хто выконвае волю Айца, хто захоўвае Яго запаведзі. Сапраўдная любоў – сталая, – гэта не просты энтузіязм, дадаў Пантыфік. Апісанне сапраўднай любові даў сам Хрыстус у евангельскіх благаслаўленнях. Папа нагадаў, што адной з першых ерасяў у хрысціянстве быў гнастыцызм, які казаў “пра далёкага Бога”, што выключала менавіта канкрэтыку.

Другім крытэрыем сапраўднай любові Францішак лічыць яе камунікацыйны характар. Не існуе любові без узаемаадносін, у ізаляваным выглядзе. У гэтым выпадку гаворка можа ісці толькі пра духоўную форму эгаізму, закрытасць у сабе, пошук уласнай карысці. Нават кляўзуровыя законніцы, нягледзячы на тое, што жывуць у ізаляцыі ад свету, кладуць націск на ўзаемаадносіны з Богам, заўважыў Папа.

Заставацца ў любові Хрыста лёгка, а ў той жа час і няпроста, таму што эгаізм і прага ўласнай карысці будуць заўсёды вабіць чалавека, сказаў Францішак і дадаў, што стымулам для прабывання ў любові Пана для верніка павінна быць абяцанне Езуса аб поўні радасці ад прабывання з Богам.








All the contents on this site are copyrighted ©.