2015-05-07 15:09:00

Ватыканскі павільён на Венецыянскай біенале


Як і два гады таму, Святы Пасад зноў у 2015 г. прадстаўлены на Венецыянскай біенале. Пасля адкрыцця выставы ў суботу 9 мая ў аматараў мастацтва з’явіцца магчымасць наведаць ватыканскі павільён, аформлены сёлета пад дэвізам “На пачатку было Слова – і Слова сталася целам”. Ён размясціўся паміж павільёнамі Аргентыны і Турцыі. Такім чынам, Апостальская Сталіца з дапамогай сучаснага мастацтва імкнецца прадэманстраваць перакрыжаванне паміж “вертыкальна-трасцэндэнтным” вымярэннем Слова і “гарызантальна-іманентным” вымярэннем цела, чэрпаючы натхненне з уводзінаў у Евангелле св. Яна.

Ватыканскі павільён аформілі некалькі маладых мастакоў, якія працуюць у розных тэхніках і паходзяць з розных культур і рэгіёнаў планеты: амерыканская мастачка калумбійскага паходжання Моніка Брава, македонка Эльпіда Хадзі-Валіева, якая стварае сучасныя мастацкія інсталяцыі, і фатограф з Мазамбіку Марыё Мікілоў.

Венецыянская біенале праходзіць раз на два гады і сёлета будзе працаваць з 9 мая па 22 лістапада.








All the contents on this site are copyrighted ©.