2015-05-06 16:44:00

Які Папа напісаў ліст Езусу?


Простыя і зразумелыя жэсты папы Францішка вельмі нагадалі пра аднаго яго папярэдніка на пасадзе св. Пятра. Ён таксама меў простае паходжанне. Вёў сціплы лад жыцця. Славіўся асабістай святасцю, карыстаўся вялікай павагай і любоўю людзей. Гэты Папа паходзіў з беднай сялянскай сям’і таму не па чутках ведаў пра праблемы галодных і замёрзшых і імкнуўся аблегчыць іх лёс усімі магчымымі для яго спосабамі. За тое, што сваёй шчырай усмешкай ён умеў сагрэць нават самыя халодныя сэрцы, яго называлі “Папам ўсмешкі” ці “усмешкай Бога”. Цяпер вы напэўна здагадаліся, што размова ідзе пра Альбіна Лучані – папу Яна Паўла І.

Гэты Пантыфік меў незвычайны талент – ён мог проста і зразумела казаць пра вялікія і складаныя рэчы. Займаючы пасаду кіраўніка адной з самых важных у свеце дыяцэзій ён паставіў на службу Евангеллю сваё тонкае пачуццё гумару, бязмежную фантазію і пісьменніцкія здольнасці, дзякуючы якім змог дасягнуць сэрцаў многіх міліёнаў людзей. Менавіта аб гэтым яго дары мы паразмаўляем у нашай сённяшняй праграме.

Яшчэ будучы кардыналам і Патрыярхам Венецыі, Альбіна Лучані атрымаў ад самай буйной у свеце каталіцкай газеты “Il Messaggero di Sant’Antonio” прапанову весці штомесячную аўтарскую калонку. Ён разважаў: “Калі я прамаўляю ў базыліцы св. Марка мяне чуюць каля 400 ці 500 чалавек, калі пішу ў “Il Gazzettino” мяне чытаюць 50 тыс. чалавек, але калі напішу ў “Il Messaggero di Sant’Antonio” – паразмаўляю з 1,5 млн. чалавек”. Чаму ж не? Сказана – зроблена!

Амаль за 4 гады супрацоўніцтва з выданнем кардынал Лучані напісаў каля 40 артыкулаў. Гэта не былі тэалагічныя трактаты ці філасофскія дысертацыі на тэму кіравання Касцёлам, праблем ў дыяцэзіі ці нечага падобнага. Будучы “Папа ўсмешкі” для размовы з чытачамі выбраў вельмі арыгінальны стыль – ён пісаў “адкрытыя лісты” да розных знакамітых персанажаў – рэальных і міфічных. 

Сярод яго адрасатаў былі Марк Твен і Павел Іванавіч Чычыкаў, Пінокіа і св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус, Фігаро і Гіпакрат, а таксама многія, многія іншыя. Звяртаючы да іх, будучы Пантыфік дзяліўся сваімі назіраннямі, разважаннямі і ідэямі, адносна таго, якім гэты свет павінен быць і параўноўваў з тым, што бачылі і думалі яго адрасаты. 

Каб лепш уявіць сабе стыль кардынала Лучані варта працытаваць некаторыя фрагменты яго лістоў. Самы першы ён напісаў англійскаму пісьменніку ХІХ ст. Чарльзу Дыкенску: “Дарагі Дыкенс, я біскуп, які ўзяў на сябе дзіўнае заданне – пісаць кожны месяц (...) ліст, якому-небудзь славутаму персанажу. Незадоўга да свята Божага Нараджэння я проста не ведаў каго выбраць. Аднак, раптам, у адным часопісе, я ўбачыў рэкламу вашых знакамітых пяці “Калядных кніг”. Я адразу сказаў сабе: я ведзь чытаў іх калі быў яшчэ хлопцам і яны мне вельмі падабаліся, таму што былі прасякнуты любоўю да бедных і сацыяльным перараджэннем, усе яны былі напоўнены фантазіяй і чалавечнасцю; так напішу я яму! І вось я тут, каб вас патурбаваць!”.

Праз лісты да славутых персанажаў Пантыфік даносіў да мільёнаў вернікаў позірк Касцёла на тыя ці іншыя праблемы. Папа пісаў Дыкенску: “Вам будзе цікава даведацца як змянілася сітуацыя з беднасцю і несправядлівасцю, якую вы асуджалі і ці змянілася яна ўвогуле? Я вам зараз жа раскажу”. І ён “расказаў”, што нягледзячы на тое, што мінула больш стагоддзя з таго часу калі пісьменнік стварыў свайго прагавітага Скруджа, заклапочанага толькі грашыма і справамі, да сённяшняга дня існуе вялікая сацыяльная несправядлівасць, беднасць, нероўны доступ да прыродных рэсурсаў і войны. “Праз свайго Марлі вы заклікалі, каб зорка Мудрацоў асвяціла дамы бедных. Сёння, бедны дом – гэта ўвесь свет, які мае вялікую патрэбу ў Богу”, - пісаў ён.

У лісце да Вальтэра Скота, будучы Папа звяртаў увагу на праблему сучасных СМІ, якія часта выкарыстоўваюцца, каб дамінаваць над людзьмі, а не спрыяць іх развіццю. Кардынал Лучані выказваў захапленне творчасцю Скота: гэта “кнігі, якія заўсёды праслаўляюць каштоўнасці і закон, і якія могуць чытаць нават дзеці! (...) Слава шатланцу, айцу гістарычнага і чыстага раману!”, пісаў ён. Цікава, што тут будучы Пантыфік у пэўным сэнсе “прадказаў” развіццё сродкаў камунікацыі. “Заўтра (...) газеты будуць прыбываць у нашыя дамы ў выглядзе праекцыі на свайго роду тэлеэкране”, - адзначаў Альбіна Лучані.

У сваіх лістах будучы Папа падымаў праблемы агрэсіўнага фемінізму, міграцыі, секулярызацыі, спажывецтва і многія іншыя. Свой апошні ліст, напісаны ў маі 1974 г. ён скіраваў Езусу: “У дзень калі ты навучаў: “шчаслівыя бедныя, шчаслівыя, каго пераследуюць”, мяне не было. Напэўна калі б я стаяў побач з табой, то прашаптаў бы Цябе на вуха: “Прашу, Пане, кажы не так, калі хочаш, каб за табой ішлі. Ты што не бачыш, што ўсе жадаюць багаццяў і камфорту? Катан сваім салдатам абяцаў фігі Афрыкі, Цэзар – багацці Галіі, і яны, добра ці кепска, але ішлі за імі. А ты абяцаеш беднасць, пераслед. І Ты хочаш, каб хтосьці ішоў за Табой?”. “Бесстрашна Ты працягваў далей і я чуў як Ты кажаш: “Я зерне, якое павінна памерці, каб прынесці плён; неабходна, каб я быў узняты на крыж; адтуль прыцягну да сябе ўвесь свет! (...) І вось здарылася – крыж быў узняты. Ты ім скарыстаўся, каб раскінуць рукі і прыцягнуць да сябе людзей; хто можа палічыць колькі іх прыйшло да падножжа крыжа, колькі кінулася ў Твае абдымкі?”, - задаваўся пытаннем Лучана і падводзіў вынік: “Я напісаў, але ніколі яшчэ не быў так незадаволены сваёй працай як ў гэты раз (...) Але ёсць суцяшэнне: важна не тое, што хтосьці піша пра Хрыста, але тое, што многія любяць і наследуюць Яго. І на шчасце, няглядзечы ні на што, гэта яшчэ адбываецца сёння”.

Лісты кардынала Лучані былі апублікаваны асобнай кнігай у 1976 г. пад назвай “Славутыя” (“Illustrissimi”), а ўжо праз некалькі гадоў іх пераклад з’явіўся на многіх мовах свету. Вось так гэты іерарх, будучы Папа выкарыстаў свае здольнасці каб расказаць чым з’яўляецца хрысціянства на самой справе і дапамог многім людзям убачыць Езуса Хрыста і пачуць яго пасланне. Напэўна такая натуральнасць і прастата збліжае яго з папам Францішкам.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.