2015-05-06 12:35:00

Святы Айцец ухваліў кананізацыйныя дэкрэты


Святы Айцец ухваліў пазітыўную сентэнцыю чарговай сесіі кардыналаў і біскупаў, членаў Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, адносна маючай адбыцца кананізацыі благаслаўлёнага Хуніпера Серы, з Ордэну Братоў Меншых, заснавальніка каталіцкіх місій на тэрыторыі сучаснай Каліфорніі ў Злучаных Штатах Амерыкі. Гэта адбылося 5 мая 2015 г. падчас аўдыенцыі для кардынала Анджэла Амата, прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. Таксама Пантыфік аўтарызаваў тры дэкрэты адносна прызнання цуду, адзін – аб прызнанні мучаніцкай смерці і сем – аб гераічнасці цнотаў.

У першым выпадку гаворка ідзе пра благаслаўлёнага Вінчэнца Гросі, дыяцэзіяльнага святара з Італіі, які памёр у 1917 г.;  пра іспанку, благаслаўлёную сястру Марыю ад Беззаганнага Зачацця з Кангрэгацыі Сясцёр Таварыства Крыжа, якая памёрла ў 1998 г.; пра Слугу Божага Джакама Абонда, італьянскага дыяцэзіяльнага святара, памерлага ў 1788 г.

Дэкрэт аб прызнанні мучаніцтва датычыць загінулых за веру ў 1960 г. у Лаосе а. Марыа Бардзага з Кангрэгацыі Айцоў Аблатаў Марыі Беззаганнай і Паўла Той Ксіой, свецкага катэхіста.

Сем дэкрэтаў аб гераічнасці цнотаў датычаць Слугаў Божых: біскупа Геацынта Вера, памерлага ва Уругваі ў 1881 г.; харвацкага францішканіна Антона Анцье, які памёр у 1965 г.; французскай верніцы Джульет Кальбер, заснавальніцы Кангрэгацыі Дачок Езуса Добрага Пастыра, памерлай у 1864 г.; італьянкі Брыгіды Марыі Пастарына, заснавальніцы інстытуту кансэкраванага жыцця Дачок Марыі Беззаганнай, якая памёрла ў 1960 г.; іспанскай капуцынкі, сястры Рафаэлы Марыі ад Езуса ў Гостыі, памерлай у 1991 г. 

Апошнія два дэкрэты аб гераічнасці цнотаў датычаць італьянскіх сужонкаў – Серджыа Бернардзіні і Даменікі Бедоні, памерлых у 1966 г. і 1971 г. – бацькоў дзесяці дзяцей, васьмёра з якіх сталі законнікамі і законніцамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.