2015-05-05 11:36:00

Пантыфік пра плёны даверу Богу ў складаных сітуацыях


Каб увайсці ў Божае Валадарства неабходна прайсці праз цёмныя і складаныя моманты, нагадаў папа Францішак 5 мая 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Святы Айцец пахіліўся над трыма галоўнымі паняццямі, якія прагучалі ў літургічных чытаннях: выпрабаванняў, даверу і спакою. Гаворка не ідзе пра тое, каб атрымліваць асалоду ад пакутаў, падкрэсліў Папа, але пра сапраўдную “хрысціянскую барацьбу” супраць д’ябла, які намагаецца адлучыць людзей ад слова Божага, ад веры і надзеі.

Заклік “пераносіць цярпенні” часта паўтараецца ў пасланнях св. Паўла, заўважыў Францішак. “Пераносіць”, на яго думку, азначае больш, чым проста быць цярплівым. Гэта значыць несці на плячах цяжар выпрабаванняў, ад якіх неабаранонена і хрысціянскае жыццё. “Але Езус кажа: “Будзьце мужнымі ў гэтыя моманты. Я перамог і вы таксама будзеце пераможцамі”, - нагадаў Францішак. Ён падкрэсліў, што гэта абяцанне Збаўцы, павінна быць святлом у цёмныя жыццёвыя перыяды.

Святы Айцец адзначыў важнасць даверу да Бога ў складаных сітуацыях. Толькі Ён здольны даць сілу, вытрываласць у веры і надзею. “Давяраць Пану гэты цяжкі момант, самога сябе, давяраць Пану нашых вернікаў, нас святароў, біскупаў, давяраць Пану нашы сем’і, нашых сяброў і казаць Яму: “Клапаціся аб іх, яны Твае”, - заклікаў Папа прысутных на Эўхарыстыі. Падобныя звароты да Бога, на думку Францішка, з’яўляюцца цудоўнай хрысціянскай малітвай, да якой вернікі звяртаюцца нячаста.

Падсумоўваючы вышэй сказанае, Францішак адзначыў, што кожны чалавек вымушаны ісці шляхам выпрабаванняў, што з’яўляецца “законам жыцця”, але ў гэтыя цяжкія моманты трэба давяраць Богу, Які адказвае дарам сапраўднага спакою. Ён заклікаў вернікаў у малітве прасіць Пана аб гэтым дары. 








All the contents on this site are copyrighted ©.