2015-05-04 15:16:00

Як Пій ХІІ дапамагаў саюзнікам?


Напрыканцы студзеня ў аўтарытэтным брытанскім выданні “The Guardian” з’яўвіўся артыкул, у якім была змешчана інфармацыя аб маёмасці Апостальскай Сталіцы ў розных краінах свету. “Эксперт” прадставіў свой матэрыял, як сапраўдную сенсацыю і дадаў вастраты свайму адкрыццю, падкрэсліўшы – а ведзь усё гэта было набыта на “грошы Мусаліні”! Магчыма, адной з мэтаў артыкула было ўзняцце новых дыскусій аб ватыканскіх фінансах і сувязях з фашызмам. Але, што новага можна сказаць па гэтым пытанні – аб “грошах Мусаліні” і ватыканскай нерухомасці вядома ўжо на працягу больш чым 80 гадоў! Яшчэ ў 1929 г. італьянская дзяржава, якой ў той перыяд кіраваў гэты самы Мусаліні, у якасці кампенсацыі Апостальскай Сталіцы за шматлікія канфіскаваныя ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. землі і будынкі, выплаціла вялікую суму грошай (якая на сённяшні дзень эквівалентна 200 млн. еўра). Гэта не быў просты дар, ці падзяка за падтрымку тагачаснага рэжыму, як сцвярджаюць некаторыя – але справядлівая кампенсацыя за забранае. Акрамя таго, (як адзначаецца ў саміх Латэранскіх пагадненнях) была заплачана сума значна меншая за тую, якую павінна была кампенсаваць Італія Апостальскай Сталіцы.

Ватыкан гэтыя грошы не закапаў у зямлю, але інвеставаў ў прамысловыя прадпрыемствы, нерухомасць і іншае, каб яны прыносілі плён. Сёння, дзякуючы гэтым грошам у свеце функцыянуюць сотні місій, навучальных установаў, бальніцаў, сталовых, друкарняў, рэалізоўваюцца праграмы па дапамозе хворым, развіцці бедных рэгіёнаў і спрыянні міру. Аб гэтым мы ўжо размаўлялі ў адной з мінулых праграм. Але некалькі месяцаў таму стала вядома аб яшчэ адной добрай справе, якую было наканавана выканаць “ватыканскім грошам”. Аб ёй мы пагаворым у сённяшняй праграме.

У снежні 2012 г. на старонках выдання Кембрыджскага універсітэта “The Historical Journal”, з’явіўся артыкул гісторыка Патрыцыі Макголдрык, супрацоўніцы Мідлсекскага універсітэта ў Лондане. Ён адкрыў новую, невядомую раней старонку гісторыі – а менавіта таямніцу перамяшчэння ватыканскіх фінансавых патокаў падчас ІІ Сусветнай вайны. Прааналізаваўшы дакументы, які захоўваюцца ў Брытанскім Нацыянальным архіве, навуковец прыйшла да высновы – падчас вайны Пій ХІІ грашыма падтрымаў саюзнікаў.

Гэта гісторыя напоўная шпіянажам, сакрэтнымі кантактамі і новым фактамі, якія на працягу доўгага часу былі схаваны пад пластам архіўнага пылу.

У яе цэнтры знаходзіцца асоба Бернардзіна Нагара, члена савета дырэктароў Камерцыйнага банка Італіі, і вялікага сябра сям’і Раці, якая ў 1929 г. была паклікана кіраваць ватыканскімі фінансамі. Менавіта гэты банкір, у блізкім кантакце з членамі Рымскай курыі, распрацаваў фінансавую схему паводле якой, Ватыкан, праз банкі ў Лісабоне, змог пераправіць вялікую суму грошай у ЗША і Англію.

На самым пачатку ІІ Сусветнай вайны, Ватыкан паклапаціўся аб тым, каб яны не патрапілі ў рукі нацыстаў. Фінансы перапраўленыя ў банкі ЗША і Вялікабрытаніі, зрабілі гэтыя краіны цэнтрамі, з якіх ажыцяўлялася фінансаванне Паўсюдным Касцёла. Адсюль грошы перапраўляліся ў дыяцэзіі ў розных краінах свету. Яны выкарыстоўваліся на падтрымку місіянерскай дзейнасці, працы нунцыятур, семінарый, школ, манастыроў і касцёлаў, моладзевых рухаў і каталіцкага друку, былі дапамогай святарам і законнікам, нават тым, хто знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах.

Акрамя таго, дакументы Брытанскага Нацыянальнага Архіва апавядаюць, што Ватыкан фінансаваў вялікую гуманітарную дзейнасць на карысць войскаў саюзнікаў і народаў, якія апынуліся пад нацыскай акупацыяй. Напрыклад у 1944 г. Пій ХІІ арганізаваў пастаўку мукі ў Рым, дзе і так па ініцыятыве Касцёла, штодня раздаваліся каля 100 тыс. порцый гарачай ежы. Па ініцыятыве Папы прадукты пастаўляліся з Аргентыны і Іспаніі ў Італію і Грэцыю.

І гэта яшчэ не ўсё. З 1939 г. Апостальская Сталіца інвеставала вялікія сродкі ў развіццё буйной амерыканскай прамысловасці: машынабудаўнічай, металапераапрацоўчай, хімічнай, электрычнай і інш. Даследчыца сцвярджае, што “рэкі грошай з Ватыкана” выкарыстаныя ў ваеннай амерыканскай прамысловасці паспрыялі “разгрому нацыстаў і паклалі канец звярыным забойствам Халакоста”. Такім чынам, паводле даследчыцы, Апостальская Сталіца выкарыстала фінансавыя прылады, каб змагацца супраць нацызма і залечыць раны Еўропы. І зрабіла гэта вельмі эфектыўна.

Паводле Патрыцыі Макголдрык, фінансавая гісторыя ІІ Сусветнай вайны з’яўляецца цалкам невядомай і вельмі мала навукоўцаў адважыліся яе даследаваць. Аднак ужо тых фактаў, якія мы маем перад вачыма дастаткова каб адкінуць павярхоўныя суджэнні і ідэалагізаваныя погляды пры рэканструкцыі фактаў. Прыклад гэтага адкрыцця, яшчэ раз паказвае адносіны Пія ХІІ да нацыскага і фашыскага рэжыму і робіць галаслоўнымі ўсякія спробы абвінаваціць Касцёл у іх падтрымцы ці тым больш супрацоўніцтве з імі.  

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.