2015-05-04 12:15:00

Папа: Швейцарская гвардыя – “фасад” Святога Пасаду


4 мая 2015 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі рэкрутаў Папскай швейцарскай гвардыі і членаў іх сем’яў. Аўдыенцыя была прымеркавана да ўрачыстай прысягі, якую 32 навабранцы складуць на вернасць Святому Айцу 6 мая 2015 г.

Сяброўства, якое злучае Папу і швейцарскіх гвардзейцаў, паводле Францішка, угрунтавана на любові самога Хрыста і яго словах: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх”. Многія гвардзецы да канца адказалі на гэты запавет Збаўцы, аддаўшы сваё жыццё за Папу, падчас разграблення Рыма войскамі імператара Карла V у 1527 г., сказаў Святы Айцец.

Папа нагадаў словы св. Ігнацыя Лаёлы пра тое, што Бог, у справе будавання свайго Валадарства, патрабуе рашучых і адважных паплечнікаў, гатовых ва ўсім ісці за Хрыстом і пад штандарам Хрыста. Францішак адзначыў, што гэтыя словы тычацца кожнага члена Швейцарскай гвардыі. Гвардзеец – гэта той, хто па-сапраўднаму намагаецца ісці за Хрыстом і па-сапраўднаму любіць Касцёл, гэта хрысціянін з сапраўднай верай, сказаў ён.

Святы Айцец заклікаў гвардзейцаў часта ўдзельнічаць у Эўхарыстыі і прыступаць да споведзі, штодзённа чытаць Евангелле, маліцца, асабліва на ружанцы – падчас служэння ў “ганаровай варце”, дапамагаць бедным, хворым і ўсім маючым патрэбу ў добрым слове. “І так, калі будзеце сустракаць людзей, пілігрымаў, вы зможаце праз сваю ветлівасць і кампетэнцыю перадаваць гэту “самую вялікую любоў”, якая паходзіць ад сяброўства з Хрыстом. У рэальнасці вы – швейцарскія гвардзейцы, з’яўляецеся “фасад” Апостальскай Сталіцы”, - сказаў Папа на заканчэнне аўдыенцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.