2015-05-02 14:08:00

Інаўгураваны абноўлены сцяг Швейцарскай гвардыі


1 мая 2015 г. папа Францішак прыняў удзел у цырымоніі інаўгурацыі і благаслаўлення новага сцягу Папскай швейцарскай гвардыі. Яна прайшла ў выніку прызначэння Святым Айцом новага камандуючага корпусам папскага войска – палкоўніка Крыстафа Графа. Герб новага камандуючага гвардыяй па традыцыі змяшчаецца ў цэнтры сцягу.

Урачыстая св. Імша з нагоды благаслаўлення новага штандару прайшла ў касцёле на тэрыторыі Тэўтонскіх могілак у Ватыкане. Яе цэлебраваў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Папа Францішак нечакана прыбыў на цырымонію і звярнуўся да прысутных з кароткай прамовай.

Ён нагадаў, што камандуючы павінен быць чалавекам адзінства, любові і пакоры. Пантыфік заклікаў палкоўніка Графа па-бацькоўску адносіцца да гвардзейцаў і прасіць Святога Духа, каб пасеяў і дапамог узрасці любові і еднасці паміж усімі членамі корпуса. Камандаваць па-евангельску – азначае служыць, сказаў Пантыфік.

Палкоўнік Крыстаф Граф быў прызначаны камандуючым корпусам Швейцарскай гвардыі 7 лютага 2015 г. Ён змяніў на гэтай пасадзе палкоўніка Даніэля Анрыга.

Сцяг Швейцарскай гвардыі ўяўляе сабой квадрат падзелены белым крыжом на чатыры роўныя часткі. У яго другой і трэццяй чверцях змяшчаюцца палоскі колераў Швейцарскай гвардыі – сіняя, чырвоныя і жоўтыя. У астатніх двух, на чырвоным фоне, размяшчаюцца гербы актуальнага Пантыфіка і папы Юлія ІІ. Герб актуальнага камандуючага корпусам, размяшчаецца ў цэнтры белага крыжу і адлюстроўвае колеры кантона яго паходжання. 








All the contents on this site are copyrighted ©.