2015-05-02 10:19:00

У Ватыкане развіталіся з кардыналам Канестры


Паважаны пастыр, які з пакорай і вернасцю жыў сваім святарскім і біскупскім служэннем. Такім словамі папа Францішак акрэсліў італьянскага кардынала Джавані Канестры, арцыбіскупа Генуі на пенсіі, які памёр у Рыме 29 красавіка 2015 г. у 96-гадовым узросце. Развітанне з іерархам прайшло ў ватыканскай базыліцы св. Пятра раніцай 2 мая 2015 г. Пахавальную літургію ўзначаліў кардынал Анджэла Садана, дэкан Калегіі Кардыналаў. Развітацца з памерлым іерархам прыбыў таксама Святы Айцец.

У сваёй спачувальнай тэлеграме Пантыфік узгадаў пра клопат кардынала Канестры аб пашырэнні Евангелля і збаўленні давераных яму душаў. “З удзячнасцю ўспамінаю яго гарачае служэнне на пачатку ў якасці вікарыя, у цяжкія гады вайны, на рымскім перыферыях, пазначаных пакутамі і беднасцю; затым, у якасці пробашча ў двух густанаселеных ускраінах, з асаблівай увагай да навучання моладзі радасці веры”, - напісаў Папа.

“Будучы прызначаным дапаможным біскупам Рымскай дыяцэзіі ён з апостальскім запалам прысвяціў сябе духоўным і матэрыяльным патрэбам людзей, адначасова прымаючы руплівы ўдзел у працы Другога Ватыканскага Сабору”,- нагадаў Пантыфік. Кардынал Канестры, будучы арцыбіскупам Кальяры, а затым арцыбіскупам Генуі, сведчыў аб пастырскай мудрасці, шчодрай увазе да патрэбаў іншых, ідучы насустрач усім з дабрынёю і вялікадушнасцю, заўважыў Святы Айцец.

Пасля развітання ў Ватыкане цела кардынала Джавані Канестры будзе перавезена ў Геную. Яго пахаванне пройдзе ў мясцовым катэдральным касцёле 4 мая 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.