2015-05-01 11:36:00

Папа: звольніць тэмп, каб паглядзець у вочы і слухаць


Дапамагчы ўсім адкрыць прыгажосць веры і жыцця Божай ласкай, што можна дасведчыць у Касцёле, заклікаў папа Францішак удзельнікаў каталіцкага руху “Cursillos de Cristianidad”. Ён прыняў некалькі тысяч з іх 30 красавіка 2015 г. увечары ў ватыканскай Зале Паўла VI. Пантыфік падкрэсліў, што сёння трэба абвяшчаць Божую любоў, набліжаючыся да сяброў, знаёмых, калег па вучобе і працы, каб і яны маглі атрымаць асабісты вопыт бясконцай любові Хрыста. Трэцяя еўрапейская сустрэча Руху праходзіла ў Рыме з 30 красавіка  па 1 мая.

Папа адзначыў, што гэта любоў “вызваляе і змяняе жыццё”, таму “настолькі трэба нястомна выходзіць насустрач тым, хто стаіць далёка”. “Гэта для вас рэальная сустрэча сярод сяброў, брацкая сустрэча малітвы, свята і абмену вопытам хрысціянскага жыцця”, - заўважыў Святы Айцец, выслухаўшы сведчанні шэрагу членаў Руху. Яны казалі аб праблемах і перспектывах яго развіцця, дзяліліся прапановамі.

У адказ на іх выступленні Францішак прадставіў свае заўвагі і прапановы, якія, - як адзначыў - могуць быць карыснымі для іх духоўнага росту і місіі ў Касцёле і ў свеце. “Вы пакліканы да дзеяння, каб той харызмат, які Пан даверыў вам і які ляжыць у пачатках “Cursillos”, прынёс плёны” , - сказаў Папа. Ён адзначыў, што для дапамогі іншым узрастаць у веры, патрэбны “асабісты досвед Божай дабрыні і пяшчоты”. “Мы кіруемся жаданнем ахвяраваць міласэрнасць, калі самі перажылі міласэрную любоў Айца”, - зазначыў гаспадар сустрэчы.

Францішак патлумачыў, што “Пан хоча сустракаць нас, знаходзіцца з намі, быць нашым сябрам і братам, нашым настаўнікам, Які паказвае нам шлях, што трэба прайсці, каб дасягнуць шчасця”. “Бог не просіць нічога ўзамен, толькі хоча, каб Яго прынялі, таму што яго любоў бескарыслівая, чысты дар”, - нагадаў Святы Айцец. Ён дадаў, што сустрэча з Хрыстом і міласэрнасцю Айца, якую Ён дае нам, магчыма, перш за ўсё, праз сакрамэнты”.

Другім шляхам да Бога з’яўляецца разважанне Яго слова, асабліва так званая “Lectio Divina”, дзякуючы якой “мы можам слухаць Пана, Які паказвае нам шлях перад намі і дае нам мужнасць перад тварам нявызначанасці і цяжкасцяў, якія прыносіць жыццё”. І, нарэшце, “мы сустракаем любоў Хрыста ў Касцёле”, - перакананы Папа. Ён нагадаў, што “уся касцёльная супольнасць мае задачу дапамагчы людзям асабіста дакрануцца да бясконцай Божай міласэрнасці”.
 
Завяршаючы сваё пасланне Францішак адзначыў, што “важна, каб сустрэчы ў невялікіх групах суправаджалі элементы, якія спрыяюць адкрыццю да больш шырокага сацыяльнага і касцёльнага вымярэння”. Каб зрабіць гэта, трэба ўключыць у гэтыя сустрэчы тых, хто падзяляе харызмат Руху, але не мае звычкі прымаць удзел у пасяджэннях групы. Бо Касцёл – гэта “Маці з адкрытым сэрцам”, якая часам запрашае нас “звольніць тэмп”, “адкласці ў бок клопаты, каб паглядзець у вочы і слухаць”, “адхіліць неадкладныя пытанні, каб суправаджаць таго, хто застаўся на ўзбочыне”.

“Як гэта выдатна, дапамагаць усім, нават тым, чый вопыт іх уласнай веры патрабуе больш высілкаў, застаючыся ў пастаянным кантакце з гэтай Маці, будучы заўсёды побач з вялікай сям’ёй, якой з’яўляецца Касцёл”, - сказаў Святы Айцец. Ён пажадаў сваім гасцям заўсёды паводзіць сябе з пакорай і даверам, пад кіраўніцтвам Маці-Касцёла, які заўсёды шукае карысці ўсіх сваіх дзяцей, каб яны заставаліся ў адзінстве са сваімі пастырамі, з’яднаныя з імі ў іх місіі – несці ўсім радасць Евангелля.








All the contents on this site are copyrighted ©.